Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грымо́ты, ‑мот і ‑аў; адз. грымота, ‑ы, ж.

Раскацістыя гукі грому, бою і пад. Грымоты кананады. □ Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Калі вакол цішэла, не чуваць было грымотаў — рабілася трывожна. Арабей. Непрыкметна да сяла Без маланкі яркай, Без грымоты падплыла Хмарка. Арочка.

грымо́цце, ‑я, н.

Разм. Тое, што і грымоты. Чэргі .. [кулямётаў], напаўзаючы, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце. Быкаў.

грыму́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае рэзкія гукі, моцны шум. Грымучы млын. □ З гор бягуць ручаі грымучыя. Бураўкін. Грымучае полымя імкліва кацілася па лесе. Шчарбатаў. Бумажкоў акідае вачамі грымучую калону нямецкіх танкаў. Чорны.

2. Шумны, гучны. Грымучы голас. □ З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы. Купала.

•••

Грымучая змяя гл. змяя.

Грымучая ртуць гл. ртуць.

Грымучы газ гл. газ.

грып, ‑у, м.

Вострая вірусная хвароба, галоўнымі рысамі якой з’яўляюцца запаленне дыхальных шляхоў і гарачка.

[Фр. grippe.]

грыпава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; незак.

Разм. Хварэць на грып.

грыпо́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грыпу, выклікаецца грыпам. Грыпозны бранхіт. Грыпозная эпідэмія.

гры́ўка, ‑і, ДМ грыўцы; Р мн. грывак; ж.

1. Памянш.-ласк. да грыва.

2. Апушчаная на лоб і падстрыжаная пасма валасоў. Адчувалася, нібы і пад гэтай меднай грыўкай, гулліва навісаўшай на лоб, калышуцца цьмяныя думкі. Лынькоў.

гры́ўня, ‑і; Р мн. грывень і грыўняў; ж.

1. Гіст. Грашовая адзінка ў Старажытнай Русі — злітак серабра вагон каля фунта.

2. Гіст. Сярэбранае або залатое ўпрыгожанне, якое насілі на шыі ў Старажытнай Русі.

3. Уст. Дзесяцікапеечная манета. Пасажыры купляюць, спяшаюцца, соваюць дзецям пятакі, грыўні, на хаду кідаюць ягады ў рот. Хомчанка.

грыф 1, ‑а, м.

1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.

2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.

[Грэч. gryps.]

грыф 2, ‑а, м.

1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.

2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.

[Ням. Griff.]

грыф 3, ‑а, м.

1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.

2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.

[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]

гры́фель, ‑я, м.

Палачка з аспіднага сланцу для пісання на грыфельнай дошцы. Правесці грыфелем па чорнай дошцы.

[Ням. Griffel.]