Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

афіцэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да афіцэра. Афіцэрскае званне. Афіцэрскі састаў.

афіцэ́рства, ‑а, н., зб.

Афіцэры. Шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Колас.

афі́ша, ‑ы, ж.

Аб’ява аб спектаклі, канцэрце, лекцыі і пад., якая вывешваецца на відным месцы. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў.. паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач.

[Фр. affiche.]

афі́шны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да афішы. Афішная тумба.

афішы́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад афішыраваць.

афішы́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да афішыраваць.

афішы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Выставіць (выстаўляць) напаказ, шырока абвясціць (абвяшчаць).

афо́рміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.

1. Набыць закончаную форму, пэўны выгляд. Як.. [Марынка] вырасла, аформілася, папрыгажэла! Хадкевіч. Раптам аформілася ў.. [Захара Зынгі] думка, што добра ж вельмі, што піць ён пакінуў. Чорны.

2. Паступіць куды‑н. з захаваннем неабходных фармальнасцей. — Паеду дадому, — сказаў [Янук], — можа нават заўтра, калі паспею аформіцца. Кулакоўскі.

афо́рміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.

1. Даць чаму‑н. закончаную знешнюю форму або пэўны выгляд. Аформіць рукапіс. Аформіць насценгазету. □ У нядзелю раніцай да Шаманскага зайшоў Наварка, каб дагаварыцца, як аформіць калгасны хор, які меўся выступаць на раённым фестывалі. Дуброўскі.

2. Надаць чаму‑н. сілу закона, зрабіўшы неабходныя фармальнасці. Аформіць дагавор. Аформіць дакументацыю.

3. Прыняць, залічыць куды‑н. з захаваннем неабходных фармальнасцей. Аформіць на работу, на вучобу.

афо́рмлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аформіць.