Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старчако́м, прысл.

Стаўма, вертыкальна, старчма. Падняўшы гарачы прэнт .. і трымаючы яго старчаком, як свечку, каваль падышоў бліжэй да хлапца. Кулакоўскі. // Тарчма (пра валасы, шчаціну і пад.). Валасы стаяць старчаком, як іголкі ў вожыка, мне іх ніколі не ўдавалася прычасаць. Навуменка.

старчма́, прысл.

Тое, што і старчаком. Лодку падкідвала, куляла з боку на бок, ставіла старчма, залівала вадой, але яна зноў і зноў усплывала на паверхню. Дуброўскі. Колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

старчмака́, прысл.

Абл. Старчаком, старчма. Бывае ўсходзіцца рака І загрыміць, як гром, — Пастануць сосны старчмака, Гудуць, што ў буралом. Броўка.

старчы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Жан. да старац (у 1 знач.).

старшакла́снік, ‑а, м.

Вучань блізкага да выпуску класа.

старшакла́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да старшакласнік.

старшаку́рснік, ‑а, м.

Навучэнец, студэнт блізкага да выпуску курса.

старшаку́рсніца, ‑ы, ж.

Жан. да старшакурснік.

ста́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Старшая медыцынская сястра. Старшы навуковы супрацоўнік. Старшы пілот. □ Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў.

2. у знач. наз. ста́ршы, ‑ага, м.; ста́ршая, ‑ай, ж. Той, хто стаіць на чале якой‑н. групы людзей; начальнік. Трэба выбраць старшага, — сказаў .. [Красуцкі]. — Магчыма, я буду адлучацца, ён мяне заменіць. Навуменка. Над паляўнічымі ў раёне .. [Булка] быў старшы: правяраў білеты, прысылаў позвы. Пташнікаў. — Ага, Ланкевіч, — заўважыў яго старшыня. — Добра, што прыйшоў. Бяры харчу на тыдзень і зараз жа паедзеш на аб’ект. Стаўлю цябе старшым. Асіпенка.

3. Такі, які блізкі да выпуску, да заканчэння вучобы (пра клас, курс і пад. у навучальнай установе). Вучні старшых класаў рабілі кармушкі для птушак, шпакоўні. «Беларусь».

•••

Старшы лейтэнант гл. лейтэнант.

старшына́, ‑ы; мн. ‑шыны, ‑шын; м.

1. Самае высокае званне малодшага начальніцкага саставу Савецкай Арміі і ваенна-марскога флоту. Старшына роты. // Асоба, якая мае гэтае званне.

2. Уст. Да рэвалюцыі — выбарная асоба, якая кіравала справамі якой‑н. саслоўнай арганізацыі, прафесійнага аб’яднання і пад. Валасны старшына.

•••

Вайсковы старшына — да рэвалюцыі — афіцэрскі чын у казацкіх войсках Расіі, які адпавядаў падпалкоўніку.