ста́расць, ‑і, ж.
1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Колас. Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы... Мележ. Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць. Чарнышэвіч.
2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці. Кулакоўскі. Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці. Маўр.
•••
На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.
ста́рац, ‑рца, м.
1. Тое, што і жабрак. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Старац аднойчы спыніўся пад акном, пачаў спяваць і прасіць міласціну. Кудраўцаў.
2. Стары чалавек. / у паэт. ужыв. Пытае бура старца-дуба: — Чаму цябе я не зламлю? Колас.
3. Манах, духоўны настаўнік веруючых. Аўтарам [тэорыі «Масква — трэці Рым»] .. быў старац пскоўскага Елеазарава манастыра Філафей. Алексютовіч.
стара́цель, ‑я, м.
Рабочы, які займаецца саматужнай здабычай золата; золаташукальнік.
стара́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да старацеля. Старацельская арцель. Старацельскія работы.
стара́цельства, ‑а, н.
Занятак, промысел старацеля.
стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.
2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.
•••
Рад старацца! гл. рады.
старгава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад старгаваць.
старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.
старгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н. Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. // Таргуючыся, купіць. Паехаў [Антось] некуды, старгаваў зруб і прызнаў яго вадою ў Смольню. Лужанін.
старго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да старгавацца.
2. Зал. да старгоўваць.