змарне́лы, ‑ая, ‑ае.
Змучаны, схуднелы. Праз тры дні партызанскія пасты затрымалі на лясной сцежцы абшарпанага, змарнелага хлапчука гадоў трынаццаці. Марціновіч. // Зачахлы, звялы (пра расліны). У агародзе.. зелянее на пяску змарнелая бульба. С. Александровіч.
змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.
змаро́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад змарозіць 1.
змаро́зіць 1, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.
Пашкодзіць (якую‑н. частку цела), не ўкрыўшы ад моцнага марозу, холаду. Заснуў быў [Завішнюк], змарозіў і рукі, і ногі, і твар. Пташнікаў. // Прымусіць азябнуць, прамерзнуць, пратрымаўшы доўга на марозе, холадзе. Вядзі дзяцей у хату, бо змарозіш, на холадзе.
змаро́зіць 2, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., што.
Разм. Сказаць што‑н. недарэчнае, неразумнае. Піліп некаторы час думае, потым падымае руку: — Дзед Архімед! Скажыце, за што вам медаль далі? — Усе заміраюць і сядзяць, нібы мышы пад мятлой. І трэба ж такое змарозіць! Нядзведскі.
змару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., з інф.
Разм. Затрымацца, прыпазніцца; замарудзіць. Колькі гора з .. [Рыгорам] бывае І ў часіну малацьбы. Ці асцё зарэжа ў воку, Ці змарудзіць сноп падаць. Ставер.
змаршча́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і маршчына. Цёмна-буры ад старасці .. [Барысаў] твар быў парэзаны безліччу змаршчакоў. Нікановіч.
змаршчы́нець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Зрабіцца маршчыністым, пакрыцца маршчынамі. — Яна ці не яна? Няўжо гэта яна? Не можа быць. Так змаршчынець... Толькі вочы. Пестрак.
змаршчы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Сабраць (скуру) у маршчыны; пакрыць маршчынамі. Цімох асунуўся, пачарнеў, у Тамаша каля вачэй гады змаршчынілі скуру і ўплялі ў бараду многа сівых валасоў. Краўчанка. Да мяне падышоў Марыніч. Ён быў нейкі не такі, як заўсёды. Клопат змаршчыніў яго лоб, у вачах відна была разгубленасць. Сабаленка.
змары́цца, змаруся, зморышся, зморыцца; зак.
Адчуць знямогу, стомленасць; знясіліцца, стаміцца. Відаць, ішоў .. [дзядок] .. здалёку, бо змарыўся і цяжка дыхаў, шукаючы вачамі вольнага месца. Якімовіч. Галоўнае пры касьбе — не спяшацца, не высільвацца, каб не змарыцца да пары. Мележ.
змары́ць, змару, зморыш, зморыць; зак., каго.
1. Давесці да стану знямогі, стомленасці; знясіліць, стаміць. Нарэшце, дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні мароз, ні гром. Маўр. Шыковіч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць і так ужо стомленых за дзень людзей. Шамякін.
2. Адолець (пра сон). Віктар урэшце прымоўк, утуліў галаву ў плечы, і мне здалося, што яго змарыў сон. Савіцкі.