старажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак.
Разм.
1. Выконваць абавязкі стоража. — Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч. — Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж. Колас.
2. каго-што. Вартаваць каго‑, што‑н., пільнаваць каго‑, што‑н. «Прыпушчу, думаю, на часінку [пасвіцца каня], не канешне ж Лаўрэну цягнуцца тут, у яго вунь якія абшары старажаваць». Якімовіч.
старажавы́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Прызначаны для назірання, вартавы; які з’яўляецца месцам для стоража. Старажавы катэр. Старажавы пост.
старажо́к, ‑жка, м.
Прыстасаванне, якое прыводзіць у дзеянне механізм пасткі.
старажо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.
Разм. Тое, што і старожка (у 1 знач.). Мужчыны кінулі работу і пабеглі ў старажоўку, Сымон зняў шапку і астаўся пад дажджом. Чарнышэвіч.
старажо́ўства, ‑а, н.
Разм. Занятак стоража. [Бацька:] — Калі лавіць баброў, то, відаць, трэба, каб мяне адпусцілі на колькі месяцаў... Самавольна ж я не магу. Старшыня пакрыўдзіцца і пазбавіць работы, ды і старажоўства губляць прыйдзецца. Масарэнка.
старажы́л, ‑а, м.
Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.
старажы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да старажыл.
старажытна...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «старажытны», напрыклад: старажытнагрэчаскі, старажытнарускі.
старажытнагрэ́часкі, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў у часы Старажытнай Грэцыі, звязаны з імі. Старажытнагрэчаская культура. Старажытнагрэчаская пісьменнасць.
старажытнару́скі, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў у часы Старажытнай Русі, звязаны з імі. Старажытнарускія помнікі пісьменнасці. Старажытнаруская мова.