Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змардава́насць, ‑і, ж.

Стан змардаванага; змучанасць, знясіленасць. [Кучынскі] выглядаў.. горш за другіх лётчыкаў. Змардаванасць пакінула след на твары. Алешка.

змардава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змардаваць.

2. У знач. прым. разм. Змучаны, знясілены. Працавала [Кацярына] на багатых, Марна сілы кладучы, Змардаванаю дахаты Прыпаўзала ўначы. Броўка. Арына не спала ўсю ноч. Раніцаю ўстала змардаваная, пахудзелая. Карпаў. // Які выражае змучанасць, знямогу. На бледным, як палатно, худым і змардаваным твары блішчалі адны вочы. Якімовіч.

змардава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Змучыцца, знясіліцца. — Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы. Бацька дык змардаваўся за дзень, з ног зваліўся. Пташнікаў.

змардава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.

Разм. Змучыць, знясіліць. Нейкі незнаёмы дзядзька ўшчаміў воз з дрывамі між двух пнёў. Змучыўся сам, змардаваў каня, але не мог выцягнуць саней. Дуброўскі.

змаркатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Маркотны, сумны. Конь стаяў змаркатнелы, пануры, Кроў сцякала з нагі варанога. Лойка.

змаркатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца маркотным, сумным. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя лапатамі рукі. Быкаў.

змарко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

Разм. Змучыцца ад працяглай маркоты. — Даўно, вельмі даўно ўжо я ад цябе ліста не меў. І змаркоціўся ж я па гэтым моцна. Крапіва. Кожны раз, як дачка прыязджала дахаты, першае, што пытала маці — ці не змаркоцілася яе Танечка без бацькоў. Пальчэўскі.

змарнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Марна страціцца, загубіцца. — Не пройдзе праз які тыдзень дождж, — і бульба, лічы, змарнуецца, тады ёй ужо нішто не паможа... С. Александровіч. Канцавенькі з дбайнасцю гаспадыні прыбіраў са стала: адносіў, што на паліцу, што ў цабэрак, каб не змарнавалася. М. Арочка.

змарнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Марна страціць, загубіць. Маці казала, быў.. [Сузан] настойлівы і працавіты, ніколі не змарнаваў ніводнага дня. Лынькоў. Лісток завялы ён [бацька] сарваў і кінуў злосна ўбок: — Такое дрэўца змарнаваў дарэмна, галубок! Вялюгін.

змарне́ласць, ‑і, ж.

Стан змарнелага.