змалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Зрабіць копію якога‑н. малюнка, чарцяжа і пад. // Намаляваць з натуры. Змаляваць бярозу.
2. Пакрыць што‑н. скрозь малюнкамі і пад. Змаляваць увесь альбом. □ На сцяне, паміж вокнамі, вісела карта, уся змаляваная стрэлкамі і кружкамі. Шахавец.
3. Зрасходаваць на маляванне. Змаляваць аловак. Змаляваць усю фарбу.
зман, ‑у, м.
1. Словы, учынкі, дзеянні, якія наўмысна наводзяць іншых на памылкі. [Лена] шкадавала, што паддалася на зман, што не хапіла вытрымкі ў спрэчцы з Волькай. Ваданосаў. // Неадпаведнасць ісціне; падман. Надзя да пяці год лічыла няньку за маці. А калі неасцярожная суседка развеяла гэты зман, Надзя часта пачала плакаць, зрабілася яшчэ больш кволай і капрызнай... Шахавец.
2. Стан падманутага. Нельга захапляцца тым, чаго яшчэ няма, — пісаў Паходня. — Вы ўводзіце ў зман сваіх чытачоў, і тых, пра каго пішаце. Хадкевіч.
3. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне. Якаў нібы і прачнуўся, але голасу не падаў — усё яму думалася, што гэта нейкі зман, бо не надта хто стукае, калі заходзіць да яго. Кулакоўскі.
зманеўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе.
Зак. да манеўраваць (у 1, 3 і 4 знач.).
змані́ць, зманю, зманіш, зманіць; зак.
1. Сказаць няпраўду; схлусіць. Калі маці спыталася: а дзе ж хлеб? — Ганна хацела выдумляць, што згубілі акрайчык, але Аленка не магла зманіць маці. Сабаленка. — Нас тут ззаду група, — на ўсякі выпадак зманіў Чыжык. Лупсякоў.
2. каго-што. Спакусіць пайсці куды‑н., за кім‑н. ці зрабіць што‑н. Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну. Ставер.
зма́нлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зманлівага. [Ноч] абдымала чалавека сіняй цьмянасцю, зманлівасцю, цішынёй. Шчарбатаў.
зма́нлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які тоіць у сабе зман, здольны паслужыць асновай для няправільнага меркавання аб кім‑, чым‑н. Зманлівае зацішша на фронце не магло нікога ашукаць. Мележ. Перад .. [Лёнем] была тая зманлівая.. усё маладая паэзія, з-за якой і робяцца глупствы... Брыль.
2. Які вабіць, зачароўвае, прыцягвае да сябе. [Золата] паціху звінела, напаўняючы ёўню вабнай, зманлівай музыкай. Сачанка. Разам з маўклівай хадою плытоў адплывала ў зманлівую далеч нешта прыгожае і светлае. Савіцкі.
зману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Тое, што і зманіць (у 1 знач.).
2. каго-што. Тое, што і зманіць (у 2 знач.).
зманці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе.
Зак. да манціраваць.
зма́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зманіць.
змаргну́ць і зміргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.
Маргнуць, міргнуць. Марыля сочыць за адным чалавекам, сочыць напружана, баючыся змаргнуць вокам. Кулакоўскі. Раман аціх, уставіўшыся вачыма ў акно. Зноў яны зрабіліся ў яго белыя і шкляныя. Глядзіць — не зміргне. Пташнікаў.