самаачышча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Пазбаўляцца ад рознага бруду, чужародных прымесей (пра ваду, глебу). Як мінерал вада мае адну цудоўную якасць, якая вылучае яе сярод іншых, — здольнасць самачышчацца і самаўзнаўляцца. «Полымя».
2. Ачышчаць сябе, свае рады ад чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Партыя самаачышчаецца ад перараджэнцаў.
самаачышчэ́нне, ‑я, н.
1. Прыроднае ачышчэнне вады, глебы ў выніку розных біяхімічных працэсаў.
2. Дзеянне паводле дзеясл. самаачышчацца (у 2 знач.).
самаашука́нства, ‑а, н.
Ілжывая ўпэўненасць у чым‑н.; пераконванне сябе ў тым, што не адпавядае сапраўднасці. — Самаашуканства ўсё гэта, не больш, — падумалася.. [Чарнавусу], — ні за што не выцягнеш такую вялікую работу ў адну вясну. Кулакоўскі.
самабічава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе самабічаванне (у 2 знач.), з’яўляецца самабічаваннем.
самабічава́нне, ‑я, н.
1. Прычыненне сабе фізічных пакут, выкліканае рэлігійным фанатызмам.
2. перан. Суровае асуджэнне сваіх паводзін, учынкаў у выніку ўсведамлення іх нікчэмнасці, агіднасці. Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас.
самабра́ны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: самабраны абрус — у казках: чарадзейны абрус, на якім сама сабой з’яўляецца жаданая яда.
самабы́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць самабытнага. Самабытнасць нацыянальнага мастацтва.
самабы́тны, ‑ая, ‑ае.
Арыгінальны, не падобны на іншых; своеасаблівы. Самабытны талент. Самабытная манера выканання народных танцаў. □ На аснове традыцый купалаўскай і коласаўскай байкі вырасла пазней непаўторная, глыбока самабытная баечная творчасць Кандрата Крапівы. Казека. Мар’ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара песні самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя, пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты. У. Калеснік. А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі! Колас. Народная ліра Янкі Купалы ўвабрала ў сябе ўсё найбольш яркае і самабытнае, што стагоддзямі выкрышталізоўвалася ў казках і песнях народных. Юрэвіч.
самавало́данне, ‑я, н.
Уменне валодаць сабою; стрыманасць, душэўная ўраўнаважанасць. Ад гэтых слоў, ад шуму полымя, ад ціхага, жаласнага трэску саломы і калосся, што бязлітасна з’ядаў агонь, да Васіліны вярнулася самавалоданне. Хадкевіч.
самава́р, ‑а, м.
Металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубой у сярэдзіне. — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў. [Марыя Карпаўна] несла медны начышчаны да бляску самавар, які дыхаў парай. Гурскі. // Пра піццё чаю, чаяпіцце. Па некалькі разоў на дзень заказвалі самавар. Гартны. [Турсевіч:] — Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Колас.