Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Пачаць гавець.

•••

Загавець душой — сканаць, памерці, загінуць. Тайга — гэта бязмежны зялёны акіян, у якім свае няпісаныя законы, прыкметы, не ведаючы якіх можна і душой загавець. Дубоўка.

за́гавіны, ‑він; адз. няма.

Уст. Апошні дзень перад постам, калі веруючым дазваляецца есці скаромнае.

загаво́р 1, ‑у, м.

Тайнае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных мэт, часцей палітычных. Загавор супраць царскай улады. Загавор мяцежнікаў.

загаво́р 2, ‑у, м.

Тое, што і замова. Паставіла [карову] да сонца галавой І загавор чыніла ад заразы. Купала. — Слабы ты загавор ад зубоў ведаеш, — сумным голасам прамовіў Гешка. Навуменка.

загаво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загаварыць ​1 (у 2 знач.).

загаво́рвацца і загава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да загаварыцца.

2. Гаварыць пра што‑н. блытана, неўпапад, збіваючыся. Пан Крукоўскі ўчарнеў ад перапалоху, многа піў і нават, казалі, пачаў загаворвацца. Бажко. Гавары, ды не загаварвайся. З нар.

3. Зал. да загаворваць ​1, загаварваць ​1.

загаво́рваць 1 і загава́рваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загаварыць ​1.

•••

Зубы загаворваць (загаварваць) — наўмысна адцягваць увагу ад чаго‑н. пабочнымі размовамі, ухіляцца ад прамога адказу.

загаво́рваць 2 і загава́рваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загаварыць ​2.

загагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; зак.

Разм. Пачаць гагатаць.

зага́гаць, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць гагаць.

загагу́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Складаны выгіб, загіб, кручок. — А ў нас тут [у школе] за кожную лішнюю загагуліну ў малюнку двойкі ставяць. Бажко.

зага́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Афіцыйнае распараджэнне органа ўлады, кіраўніка ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі і пад. Загад па інстытуту. □ Ленін у шалашы. Хаваецца ад агентаў буржуазіі, ад Керанскага, які выдаў загад арыштаваць Ільіча. Бядуля. Лясніцкі.. спецыяльным загадам стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці. Шамякін.

2. Вуснае або пісьмовае распараджэнне вайсковага начальніка, якое з’яўляецца законам для падначаленых. Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Мележ. Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей.. акружыла горад. Мікуліч. // Афіцыйны дакумент, у якім выкладзена якое‑н. распараджэнне. Загады розныя, паперы Яму ў лясніцтве даручалі, Калі з наказам пасылалі. Колас. Побач — фотаздымкі многіх партызан, малюнкі баявых эпізодаў, фотакопіі розных дакументаў: пасведчанняў, загадаў, лістовак. Шыловіч. // Наогул усякае распараджэнне. Валя ўмомант выканала загад: прыбрала з канапы падручнікі. Васілевіч. Пачуў загад маці: — Маўчы! Бядуля.