злубяне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Стаць каляным, нягнуткім, як луб. Холад .. [Стась і Казімірыха] адчулі, калі ўжо беглі да Нежыхава, калі ўжо злубянела на іх вопратка і дрыготка заляскалі зубы. Сабаленка. Калашыны штаноў злубянелі, нібыта бляшаныя зрабіліся. Бялевіч.
злуза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да лузаць.
злупі́цца, злупіцца; зак.
Разм. Злезці, садрацца з паверхні чаго‑н. Злупілася фарба з падлогі. Кара злупілася з дрэва.
злупі́ць, злуплю, злупіш, злупіць; зак., што.
Разм.
1. Зняць, садраць верхні слой чаго‑н. Злупіць кару з дрэва. □ Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.
2. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае. Сцяпан злупіў боты і кінуўся ў стаў. Чарнышэвіч. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу; кашулю ўздзеў, што злупіў у Міколы. Танк.
3. перан. Узяць за што‑н. празмерна вялікую суму. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей. Якімовіч.
4. Жорстка, моцна набіць каго‑н. Старшына, замест нас бараніць, Выгадней знаходзіць — брата злупіць. «Полымя».
•••
Злупіць скуру (дзве, тры скуры) — жорстка пакараць за што‑н. Пабаяўся [Яська] ні з чым вяртацца ў двор: аканом скуру злупіць. С. Александровіч.
Злупіць шкуру, (дзве шкуры, сем шкур) — абабраць каго‑н., узяць лішняе пры разліку. [Максім:] Ды што вы, .. хочаце з мяне ўжо дзве [ш]куры злупіць: каб я і штраф заплаціў і яшчэ за штэмпель грошы аддаў. Козел.
злу́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад злупіць.
злу́плівацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да злупіцца.
2. Зал. да злупліваць.
злу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да злупіць.
злуча́льнік, ‑а, м.
Прыстасаванне для злучэння чаго‑н. Злучальнік правадоў.
злуча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для злучэння чаго‑н.; прызначаны для злучэння. Злучальная трубка.
2. Які служыць для злучэння частак складанага слова. Злучальныя галосныя. // Які служыць для злучэння аднародных членаў сказа або частак складаназлучанага сказа. Злучальныя злучнікі. // Які паказвае на злучэнне (у 5 знач.). Злучальная сувязь.
•••
Злучальная тканка гл. тканка.
злучанапялёсткавыя, ‑ых.
Тое, што і зрослапялёсткавыя.