Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

злоўжыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. злоўжываць.

2. Учынак, звязаны з незаконным выкарыстаннем чаго‑н. у шкоду іншым. Прыняць меры да спынення злоўжыванняў.

злоўжыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.

Незаконна, нядобрасумленна выкарыстоўваць што‑н., карыстацца чым‑н. Злоўжываць давер’ем. Злоўжываць службовым становішчам. // Празмерна выкарыстоўваць што‑н., ужываць у большай колькасці, чым трэба. Злоўжываць цытатамі. □ Іван Мацвеевіч хадзіў па пакоі і курыў цыгарэту за цыгарэтай, хоць дагэтуль я не заўважаў, каб ён злоўжываў курывам. Васілёнак.

злоўжы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце.

Зак. да злоўжываць.

зло́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад злавіць.

злоязы́чнік, ‑а, м.

Уст. Пра чалавека, схільнага да злых нагавораў, рэзка адмоўнай ацэнкі каго‑, чаго‑н.

злоязы́чніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да злоязычнік.

злоязы́чны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Схільны да злых нагавораў, рэзка адмоўнай ацэнкі каго‑, чаго‑н.

злубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які злубянеў; каляны, нягнуткі. Зімою .. прыносяць з двара прасціны. Яны, злубянелыя, пахнуць марозам. Барадулін. Драгун спыняецца, расхінае злубянелыя полы паліто, запальвае ліхтар. Навуменка.

злубяне́ць, ‑ее; зак.

Разм. Стаць каляным, нягнуткім, як луб. Холад .. [Стась і Казімірыха] адчулі, калі ўжо беглі да Нежыхава, калі ўжо злубянела на іх вопратка і дрыготка заляскалі зубы. Сабаленка. Калашыны штаноў злубянелі, нібыта бляшаныя зрабіліся. Бялевіч.

злуза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да лузаць.