зледзяне́нне, ‑я, н.
Стан зледзянелага (у 1 знач.).
зледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.
Зак. да ледзянець.
зледзяні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць.
Зак. да ледзяніць.
зле́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Разм. Змагчы праляжаць некаторы час у адным становішчы. Хіба злежыш цэлую ноч на адным баку?
зле́жванне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. злежвацца.
зле́жвацца, ‑аецца.
Незак. да зляжацца, злежацца.
зле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
1. Прытрымліваючыся рукамі, нагамі, спусціцца адкуль‑н. Злезці з дрэва. □ Пятрусь выпусціў з рук вяроўку і злез са званіцы. Колас. // Устаць або сысці адкуль‑н. (звычайна з цяжкасцю). [Аграном] ціха злез з ложка. Бядуля. Вэня пусціў каня паволі, злез з саней і дастаў з кішэні партабак. Чорны.
2. Разм. Выйсці, даехаўшы да якога‑н. месца, прыпынку (пра пасажыра). Кіламетраў за шэсць ад дома яму трэба было злезці з фурманкі. Чорны. На апошнім прыпынку хлопчыкі злезлі, пагулялі трохі, пакуль прыйшоў другі аўтобус, і першымі ўвайшлі ў яго. Пальчэўскі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адстаць, адваліцца, пакінуўшы пашкоджанае або аголенае месца на чым‑н. Фарба злезла. Ногаць злез. □ — Гнойныя струпы ніколі з мяне не злезуць, хоць бы я быў здаровы і хадзіў у блішчастай манішцы. Чорны.
4. Разм. Зняцца (пра адзенне, абутак). Бот злез з нагі.
зле́пак, ‑пка, м.
Копія, злепленая з чаго‑н. Гіпсавы злепак. // Адбітак чаго‑н. на мяккім, вязкім матэрыяле. Прыбіральшчыца, улучыўшы зручную хвіліну, зрабіла злепкі.. ключоў [ад турмы] на кавалачку звычайнага мыла. Лынькоў.