злаўча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да злаўчыцца.
злаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. Лоўка прыладзіцца або выбраць зручны момант, каб зрабіць што‑н. [Сенька], гад, неяк злаўчыўся, крутануўся, вырваў руку і ўдарыў... Краўчанка. Я зняў з пляча сваё ружжо, злаўчыўся і скокнуў у лодку, зусім не турбуючыся, што яна можа перавярнуцца: варты ў лодцы былі высокія і дно — шырокае, ледзь не круглае. Чыгрынаў. // перан. Умела выкарыстаць якія‑н. абставіны; дасягнуць якой‑н. мэты з дапамогай хітрасці, хітрыкаў. А Ліс праз тыдзень змыўся З граш[а]мі, што ў банку атрымаў. Праверылі — дык як жа ён злаўчыўся? — І ўбачылі: Мядзведзь два чэкі падпісаў. Корбан.
2. Набыць навыкі выканання якой‑н. работы; налаўчыцца. Ён злаўчыўся пісаць левай рукой. □ — Пасля сам, як злаўчышся, будзеш знаходзіць, пра што пісаць. Чорны.
злахма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць.
Зак. да лахмаціць.
злахма́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад злахмаціць.
злачы́нец, ‑нца, м.
Той, хто зрабіў якое‑н. злачынства. — Загад — закон. І хто парушыць яго, будзе адказваць як самы апошні злачынец перад народам, як трус, як здраднік. Лынькоў. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.
злачы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да злачынец.
злачы́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць злачыннага. Злачыннасць намеру. // Наяўнасць, колькасць злачынстваў. Барацьба са злачыннасцю.
злачы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які зрабіў злачынства, парушыў закон. Злачынная банда. // Які заключае ў сабе злачынства. Злачынная палітыка.
злачы́нства, ‑а, н.
Грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае закон і падлягае крымінальнай адказнасці. Крымінальнае злачынства. Дзяржаўнае злачынства. Ваеннае злачынства. □ Філістовіч яшчэ пэўны час спрабаваў выкручвацца, але вопытны следчы крок за крокам выкрываў усё новыя злачынствы былога гітлераўскага служкі. Паслядовіч.
•••
На месцы злачынства гл. месца.
злашча́сны, ‑ая, ‑ае.
Які стаў прычынай няшчасця, непрыемнасці. Злашчасныя затокі, з-за якіх Аксён Каль так многа судзіўся, хадзіў, дабіваўся законнага права на іх, у плане значыліся на сялянскіх землях. Колас. Так, факт быў, была злашчасная выпіўка за зачыненымі дзвярамі крамы. Шамякін.