Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

злапа́мятлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і злапамятны.

злапа́мятнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць злапамятнага.

злапа́мятны, ‑ая, ‑ае.

Які доўга помніць крыўду, не даруе крыўды, абразы. Адам не злапамятны — для ўсіх стараецца аднолькава. Нядзведскі.

зла́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Высачыўшы, затрымаць, злавіць каго‑н. Генерал абвесціць усяму войску: «Шляхціч Ялавіцкі злапаў бальшавіцкага камісара». Баранавых. Выйсце адно. Пакуль не злапалі — трэба ў лес... Навуменка.

злапо́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць злапомнага.

злапо́мны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і злапамятны. Лявон Нарбутовіч быў чалавек злапомны і помслівы. Чарнышэвіч.

злара́днасць, ‑і, ж.

Пачуццё радасці пры няшчасці, няўдачы другіх. «Што, даражэнькі, даездзіўся?!» — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы. Васілёнак. [Паходня] быў упэўнены цяпер, што за яго кандыдатуру прагаласуюць усе — хто шчыра, ад душы, хто са злараднасцю: балбатаць ты майстар, а вось парабі сам. Хадкевіч.

злара́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Праяўляць злараднасць; радавацца пры няшчасці, няўдачы другіх. [Калгаснікі] сталі задумвацца, які ўпарты і надзейны чалавек іх старшыня. Яны ж не верылі [у электрыфікацыю], упіраліся, пасмейваліся з яго намаганняў, нават злараднічалі, а ён цвёрда рабіў сваё. Карпюк.

злара́дны, ‑ая, ‑ае.

Схільны да зларадства. Зларадны чалавек. // Які заключае ў сабе злую радасць пры няшчасці другіх. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы... З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка. Колас.

злара́дства, ‑а, н.

Злая радасць пры няшчасці другіх. — Не надта ашчэрвайся, Ярмак. Голым пупам як свяціў, так і свяціць будзеш.., — аж прысеў Васіль у зларадстве. Дуброўскі.