Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

злаві́цца, зловіцца.

Зак. да лавіцца (у 1 знач.).

злаві́ць, злаўлю, зловіш, зловіць.

Зак. да лавіць (ва ўсіх значэннях, акрамя адцення «мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н.»).

•••

Злавіць на вуду — падмануць, ашукаць, перахітрыць каго‑н.

зла́гада, ‑ы, ДМ ‑гадзе, ж.

Разм. Згода, дружба. Жыць у злагадзе. □ [Сяргей Іванавіч] заўсёды імкнуўся, каб у сям’і панавала злагада, каб у доме была ўтульнасць. Марціновіч.

злад, ‑у, м.

Разм. У выразе: зладу няма гл. няма.

зла́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зладжанага. Зладжанасць рухаў. Зладжанасць у рабоце.

зла́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зладзіць (у 1, 3 знач.).

2. у знач. прым. Такі, у якім дасягнута адзінства, узаемная згода; дружны. Зладжаная работа. □ Зладжаная, працавітая брыгада Купчына нядаўна падзялілася на дзве. Хадкевіч.

3. у знач. прым. Складны, стройны. Увесь рэпертуар рэвалюцыйных тагачасных песень праспявалі настаўнікі зладжаным хорам. Колас.

зла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зладзіць (у 1, 3 знач.).

зладзе́йка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; Р мн. ‑дзеек; ж.

Жан. да злодзей.

зладзе́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да злодзея, зладзеяў, належыць ім. Зладзейскі след. Зладзейскае прыстанішча. Зладзейская шайка. // Уласцівы зладзеям, такі, як у зладзеяў. Зладзейскія вочы. Зладзейскі ўчынак.

зладзе́йства, ‑а, н.

1. Занятак злодзея; крадзеж чужой маёмасці. Пакараць за зладзейства.

2. Зладзейскі ўчынак.