Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зіхо́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і зіхатлівы. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, .. [Ганна] перавяла позірк на поле. Мележ.

зіхце́нне,

гл. зіхаценне.

зіхце́цца,

гл. зіхацецца.

зіхце́ць,

гл. зіхацець.

зія́нне, ‑я, н.

У лінгвістыцы — збег галосных на стыку двух слоў, з якіх адно заканчваецца, а другое пачынаецца на галосную, напрыклад: добра адпачыць.

зла... (гл. зло...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «зло...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: злапомны, зламысны, злаякасны, зларадны.

злабадзённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць злабадзённага; важнасць, істотнасць для пэўнага моманту. Злабадзённасць тэмы.

злабадзённы, ‑ая, ‑ае.

Важны, істотны для пэўнага моманту; надзённы. Злабадзённае пытанне.

злава́цца, злуйся, злуешся, злуецца; злуёмся, злуяцеся; незак.

Адчуваць злосць; сердаваць на каго‑, што‑н. [Дзед Мікалай] не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. Злуецца Аленка сама на сябе, аж палец кусае.., а нарэшце і заплакала нават. Колас. // перан. Бушаваць, лютаваць (пра з’явы прыроды). Пяты дзень злавалася пурга. Звонак. Вясной .. [рака] выходзіць з берагоў, Шуміць, Паводкай плешча і злуецца. Астрэйка.

злава́ць, злую, злуеш, злуе; злуём, злуяце; незак.

1. каго-што. Выклікаць, абуджаць злосць у каго‑н. Мяне.. асабліва злавала чамусьці прысутнасць дзяўчыны. Карпюк. Лёдзя села за стол і, каб не злаваць бацьку, узялася сілком есці. Карпаў.

2. Тое, што і злавацца. [Таня] злавала на дзяўчат, калі тыя пачыналі размаўляць, не вытрымліваючы маўчання. Шахавец. Бурліць вадаспад, злуе, успенены злосцю, імчыцца па каменных глыбах. Галавач.