Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

з’іна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм. Зрабіць інакшым; перайначыць. — Мы ў жыцці ўсё з’іначым, Не пазнаць краіны будзе; Смехам радасным, дзіцячым Усміхацца будуць людзі. Пушча.

з’іне́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты інеем; заінелы. Алешнік? А можа аленяў сумёты Прыспалі? З’інелыя рогі дрыжаць. Барадулін.

з’іне́ць, ‑ее; зак.

Пакрыцца інеем; заінець.

зіпу́н, ‑а, м.

Старадаўняя верхняя сялянская вопратка ў выглядзе кафтана з даматканага сукна.

зірк 1, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.

зірк 2, ‑у, м.

Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.

зі́рканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зіркаць.

зірка́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вострым зрокам; зоркі. Што з таго, што дзед Мікалай — такі зіркасты і дасціпны — заўважыў... Пагаманілі і толькі. Якімовіч.

2. З вялікімі вачамі; вірлавокі. А вочы чаго варты: зіркастыя, стальныя, бязлітасныя.. Дзіва што шчупакі без жалю знішчаюць не толькі іншую рыбу, але і сваіх родных дзетак! Паслядовіч.

зірка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і зіркасты. Зіркатая сіняя страказа села на.. сцяблінку і ў той жа час пырхнула. Хомчанка. Абвёў [дзед Сапрон] усю грамаду не зусім зіркатымі вачамі, сказаў яшчэ: — Э-эх, многа чаго помню!.. Лёс такі наш. Каваль.

зі́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Кідаць позірк на каго‑, што‑н.; паглядаць. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася, як брага. Шэмет зіркаў на кожную бурбалку. Лобан. Я ўзняў галаву і глянуў на дзяўчынку, што сядзела побач і зіркала то ў кніжку, то на мяне ды хітравата ўсміхалася. Мыслівец. / Пра вочы. Вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ.

зі́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да зіркаць.