Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спяцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Разм. Спецыяльная адзежа (куртка, халат ці камбінезон) для работы на вытворчасці. У шахту спускаліся ўсе ў спяцоўках. Кулакоўскі. Скрыпнулі дзверы. У іх чорным прагале з’явілася постаць чалавека ў чыгуначнай спяцоўцы. Лынькоў.

спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.

2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

спячы́ся, спякуся, спячэшся, спячэцца; спячомся, спечацеся, спякуцца; пр. спёкся, спяклася, ‑лося, зак.

1. Стаць выпечаным, быць прыдатным, гатовым для яды. Бульба спяклася. □ — Я думаю, што пірагі .. не спякуцца да таго часу, а хутчэй — і ў печ не пападуць. — Камісар пазнаў іранічны басок Шашуры. Мележ.

2. Быць прыгатаваным смажаннем; сасмажыцца. Яечня спяклася.

3. Стаць абпаленым сонцам; абгарэць.

4. Загусцець, засохнуць (пра кроў); запячыся. Па патыліцы яшчэ цяклі павольна рагі густой і ліпкай крыві. Згусткі яе спякліся ў скарэлых валасах. Крапіва.

5. Спец. Злучыцца ў адно цвёрдае цэлае ў выніку спякання. Руда спяклася.

6. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў чым‑н.; пагарэць, быць пакараным. А нядаўна ж было... крамзанеш на каго без прынукі — Ды ў канверт! І гатова! І спёкся! Тут быў — і няма! Гілевіч.

спяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з інф., з чым і без дап.

1. Імкнуцца рабіць што‑н. як можна хутчэй; спяшаць. Яны стаялі ўжо ля каліткі дома, дзе кватаравала Рэня. Алёшка спяшаўся дагаварыць: — Я люблю.. Цябе... Цябе я люблю... Лынькоў. Ляснічы няпэўна гмыкнуў. Ён ніколі не спяшаўся з вывадамі. Навуменка. Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі [Агнёва] на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка.

2. Імкнуцца хутчэй ісці, рухацца, хутчэй трапіць куды‑н. Кожны дзень яна спяшаецца да бальшака І, прыклаўшы руку да вачэй, Прагна ўглядаецца на захад .. А яе каханага яшчэ і сёння Не адпускае вайна. Сіпакоў. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. Алена расшпіляе і зноў зашпіляе ватоўку, перавязвае на галаве хустку і спяшаецца на двор, да сяброўкі Ганны. Ермаловіч.

спяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з інф., з чым і без дап.

Разм. Тое, што і спяшацца. Ганька не спяшае абувацца. Васілевіч. Тут станцыя, з усіх канцоў Саюза Бягуць, спяшаюць цягнікі. Астрэйка.

сро́дак, ‑дку, м.

1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.

2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.

3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.

•••

Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.

срэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сярэбраны. Раскідзістая ігруша-дзічка стаяла ў пышным уборы срэбнага інею. Лынькоў. У чалавека былі густыя валасы на галаве, сівізна іх толькі кранула дзе-нідзе срэбнымі ніткамі. Чорны. / у паэт. ужыв. Як сцежка срэбная, бяжыць-гудзе паток. Грамыка.

срэ́бра, ‑а, м.

1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.

3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.

4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.

•••

Жывое срэбра — ртуць.

срэбра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «срэбра», «сярэбраны», напрыклад: срэбралісты, срэбралюбства, срэбрападобны.