спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спячы, ‑ага, м.; спячая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. ▪ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. ▪ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)