зжына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зжаць.
зжыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зжэрці.
зжы́цца, зжывуся, зжывешся, зжывецца; зжывёмся, зжывяцеся; зак.
1. з кім. Жывучы, працуючы, часта бываючы разам з кім‑н., звыкнуцца, здружыцца. [Гапанюк] зжыўся з людзьмі і не адчуваў сябе чужым. Дуброўскі. Чалавек, калі ўжо зжыўся добра з усімі парабкамі, калі ўжо ведаў усіх, расказаў усё як мае быць пра сябе. Чорны.
2. з чым. Пастаянна знаходзячыся дзе‑н., думаючы пра што‑н., прывыкнуць. Марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Чарнышэвіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго, і ў думках сваіх жыў і вучыўся ў ім, і не прынялі! Колас. // Працуючы над роллю, пераўвасобіцца ў мастацкі вобраз (пра акцёра). Зжыцца з вобразам.
зжыць, зжыву, зжывеш, зжыве; зжывём, зжывяце; зак.
1. каго. Стварыўшы для каго‑н. невыносныя ўмовы, загубіць, знішчыць. Зжылі злоснікі добрага чалавека.
2. што. Пазбавіцца ад чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Зжыць недахопы. □ — Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго... Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Чорны.
3. Пражыць (жыццё, гады і пад.). — Я дык не помню, каб так усё гарэла пад восень. І мама не помніць, не расказвала, а сем дзесяткаў зжыла. Пташнікаў. Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.
•••
Зжыць са свету каго — тое, што і зжыць (у 1 знач.).
Зжыць сябе — выявіць сваю нежыццёвасць, аказацца мала прыгодным, непатрэбным; састарэць. Прыгонніцтва канчаткова зжыло сябе. Ларчанка. Сентыменталізм як плынь зжыў сябе. «Полымя».
зжэ́рці, зжару, зжарэш, зжарэ; зжаром, зжараце; пр. зжор, зжэрла; зак., каго-што.
Разм. груб. Тое, што і з’есці. — Сем кныроў трымаем на ферме! Колькі ж гэта яны бульбы зжэрлі за зіму? Савіцкі.
зза́ду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.
2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.
3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
•••
Застацца ззаду гл. застацца.
зза́маладу, прысл.
Разм.
1. З маладых год, з маладосці. — Я тут, у гэтай мясцовасці, жыў ззамаладу, рабіў справы. Чорны.
2. У маладосці. Ззамаладу некалі за шчасцем ад бацькавых трох дзесяцін [Іван] аж у Амерыку ездзіў. Васілевіч.
ззеляне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які ззелянеў; пазелянелы. Ззелянелы твар. Ззелянелы ад моху камень.
ззеляне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца зеленню (у 4 знач.). Падсвечнік ззелянеў.
2. Моцна пабляднець, змяніцца з твару пад уплывам хваробы, злосці і пад. [Аміля] зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць. Чорны.
ззыва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да ззываць.