Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здаро́ў,

гл. здаровы.

здаро́ўе, ‑я, н.

Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.

•••

Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.

За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.

На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.

здаро́ўечка, ‑а, н.

Разм. Ласк. да здароўе. — Павел Сцяпанавіч! Добрай раніцы, добрага здароўечка. Шамякін.

здаро́ўканне, ‑я, н.

Разм. Прывітанне пры сустрэчы з пажаданнем здароўя. — Што скажаш? — пачуўся характэрны голас Гартнага ў адказ на маё здароўканне. Лужанін.

здаро́ўкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Вітаць адзін аднаго пры сустрэчы. [Андрыян з Мікульскім] доўга здароўкаліся, усміхаючыся і не разнімаючы рук. Марціновіч. Іван з кім здароўкаўся кіўком галавы, з кім — за руку. Кудравец.

зда́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Мець месца; адбыцца. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Лынькоў. Усе гэтыя дні Аленка была ў нейкім зусім новым для яе настроі. Яе трохі палохалі экзамены — ці мала што можа там здарыцца. Колас. / безас. са злучн. «што». Здарылася, што ў адзін з напружаных для завода момантаў Булай захварэў і праляжаў даволі доўга. Шыцік.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю. Здарылася заначаваць аднойчы ў лесе.

3. Нечакана з’явіцца; трапіцца. Тут ужо як чыё шчасце — падарожная машына магла здарыцца і ў першую хвіліну, а магло яе не быць і цэлы дзень. Краўчанка.

здарэ́нне, ‑я, н.

1. Тое, што здарылася; падзея, выпадак (звычайна нечаканыя, непрадугледжаныя). Цікавае здарэнне. Здарэнне ў лесе. □ У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое магчыма цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.

2. Спрыяльны збег акалічнасцей, зручны момант. І калі бацька каго стрэне, Не прапускае ўжо здарэння Спытаць, праведаць аб зямельцы. Колас.

здатанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Разм. Збянтэжыцца. [Настаўніца:] — Ну як? Не супярэчыце, калі мы пойдзем з вамі? — Ды не! — засмяяліся.. [хлопцы], але крыху здатанаваліся. Дубоўка.

зда́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да здачы (у 1 знач.). Здатачны пункт. // Такі, па якому праводзяць здачу чаго‑н., які выдаецца пры здачы чаго‑н. Здатачная квітанцыя. Здатачны акт.

зда́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць здатнага. Такі кірунак думак паказваў на .. [Зосіну] здатнасць думаць і разбірацца ў справах. Чорны.