Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад здаволіць.

здаво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Разм. Тое, што і задаволіцца. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Чарнышэвіч.

здаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і задаволіць. Калі сама яна сказала, што ўзяла водпуск на год і паедзе зноў вучыцца налета ўвосень, дык .. [Рыгор] толькі галавой кіўнуў, і нельга было пазнаць, ці гэта яго здаволіла, ці ён гэтым толькі паказвае, што чуў Шурыны словы. Крапіва.

здаво́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да здаволіцца.

2. Зал. да здавольваць.

здаво́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здаволіць.

здагада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Па якіх‑н. прыметах прыйсці да правільнай думкі аб чым‑н.; пазнаць, зразумець. Шынкевіч па пустым правым рукаве здагадаўся, што перад ім Карніцкі. Паслядовіч. Дзяўчына пусцілася ў будку бацьку папярэдзіць, а каб кантроль не здагадаўся, яна бокам дарогі пабегла. Колас.

здага́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да здагадацца.

здага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Думка, меркаванне, заснаваныя на верагоднасці, магчымасці чаго‑н. Здагадка бацькі была, безумоўна, правільная: чалавек да соснаў мог прыйсці толькі з лесу. Курто. Маланкай у свядомасці Міхала мільганула здагадка: — Ліст ці тэлеграма? Васілевіч.

2. Кемлівасць, здагадлівасць. Дзе не хапае сілы, там выручае спрыт, выручае здагадка. Лынькоў. — Ды ўсё ж няма ў нас у калгасе чалавека з большай гаспадарчай здагадкай, чым Маркавіч. Краўчанка.

•••

Губляцца ў здагадках гл. губляцца.

здага́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць здагадлівага. Аўсееў сваёй хітрасцю, празмернай здагадлівасцю і кемнасцю наконт розных ходаў-выхадаў не падабаўся старшыні. Быкаў.

здага́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка знаходзіць правільнае рашэнне; кемлівы. Заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Шамякін. Здагадлівы Ёсіп быў недалёка ад праўды. І ён, і Макар уеліся Анісу ў косці. Дуброўскі.