Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спая́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца шляхам паяння.

2. перан. Аб’яднацца ў адно непарыўнае цэлае; звязацца, злучыцца. Алеся я люблю. Багата сяброў пагублялася па свеце, а от з ім моцна спаяліся. Пінчук.

спая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Злучыць паяннем. Спаяць трубы.

2. перан. Непарыўна звязаць, з’яднаць. Аднойчы паміж намі адбылася гаворка, якая ўсхвалявала нас абодвух і спаяла яшчэ мацней. Краўчанка.

спекта́кль, ‑я, м.

Пастаноўка, паказ п’есы. Спектакль падрыхтавалі мы да дня.. Канстытуцыі. Любімай п’есай Купалы мы адкрывалі наш новы, першы ў Забалоцці клуб. Брыль. [Косця:] — Дамаўляўся з.. [дырэктарам тэатра] наконт калектыўнага паходу на спектакль... Карпюк. // перан. Пра якое‑н. незвычайнае здарэнне, відовішча, выпадак і пад. [Хведар Саладыш:] — Навошта вы, пане жандар, гэты спектакль тут наладжваеце. Тут жа не тэатр, а жандарская ўправа. Сабаленка. — Уставай, маці, спектакль скончыўся, — весела сказаў Юльян цешчы, калі немцы па вузенькім завулку амаль што бягом выскачылі на вуліцу Чкалава. Новікаў.

[Фр. spectacle.]

спектр, ‑а, м.

Рознакаляровая паласа, якая атрымліваецца пры раскладанні праменя святла. Светлавы спектр. Інфрачырвоная частка спектра. // Спец. Сукупнасць каляровых ліній, што ўтвараюцца пры прапусканні выпраменьванняў распаленага цела або рэчыва праз пэўныя аптычныя прылады і залежаць ад хімічнага складу гэтага рэчыва. Спектр натрыю.

[Ад лац. spectrum — бачнае.]

спектра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «спектр», «спектральны», напрыклад: спектраметрыя, спектрафатометр.

спектрагра́ма, ‑ы, ж.

Фотаздымак спектра.

спектраграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спектрографа; які выконваецца з дапамогай спектрографа. Спектраграфічныя даследаванні.

спектра́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спектра; уласцівы яму. Спектральныя лініі. // Які служыць для атрымання спектраў. Спектральныя прылады. // Які мае адносіны да ўспрымання розных колераў спектра. Спектральная адчувальнасць вока.

•••

Спектральны аналіз — вызначэнне хімічнага саставу цел, якія свецяцца, па іх спектрах.

спектраметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спектраметрыі. Спектраметрычныя метады.

спектраме́трыя, ‑і, ж.

Галіна спектраскапіі, якая распрацоўвае метады атрымання спектраў і вымярэння спектральных характарыстык рэчыва.