спачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.
1. Адносіцца са спачуваннем, жалем да чыйго‑н. гора, няшчасця; выказваць спачуванне. Ганна Сяргееўна спачувала.. [бацьку] і падзяляла яго бацьк[а]ўскае гора. Няхай. Марынка адчувала, як глыбока перажывае гора малодшы брат, як ён любіць яе і спачувае ёй. Хадкевіч.
2. Адносіцца са спагадай да каго‑, чаго‑н.; спагадаць каму‑н. Гаманёк усяляк спачуваў моладзі, і Пранас Парэчкус быў ненавісны яму. Броўка. Тут мог даць рады толькі сапраўдны сябра, які б табе верыў, спачуваў, спагадаў. Сабаленка.
3. Добразычліва ставіцца да каго‑, чаго‑н.; ухваляць што‑н. Маці не спачувала імкненням бацькі і жыла адной гаспадаркай. Карпюк. Судакоў усміхнуўся і тым самым адказаў: абсалютна згодзен, спачуваю вам. Радкевіч. // Падтрымліваць якую‑н. дзейнасць, быць ідэйна блізкім да яе. Група «Папросту» спачувала рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбе нацменшасцей панскай Польшчы. У. Калеснік.
спачува́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спачуваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які спачувае каму‑, чаму‑н. Я стаяў, нібы аглушаны доўбняй, пакуль разышліся гутарлівыя і спачуваючыя суседзі і суседкі. Бядуля.
3. у знач. наз. спачува́ючы, ‑ага, м.; спачува́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто падтрымлівае дзейнасць якой‑н. партыі, арганізацыі, хто ідэйна блізкі ёй. 10 мая 1919 г. на Маскоўска-Казанскай чыгунцы быў праведзены першы масавы камуністычны суботнік. У ім прынялі ўдзел 205 камуністаў і спачуваючых. «Весці».
4. Дзеепрысл. незак. ад спачуваць.
спачыва́льня, ‑і, ж.
Уст. Спальня (звычайна ў палацы, у баярскіх харомах і пад.). Паданне гаворыць, што вёскі тады яшчэ не было, усюды стаяў лес, і Пятру загадзя была пабудавана царская спачывальня. Ракітны.
спачыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. спачываць — спачыць (у 1 знач.).
спачыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спачыць.
спачы́н, ‑у м.
1. Перапынак у занятках, працы і пад. для аднаўлення сіл. Адмовіўшыся ад прапанаванага спачыну ў партызанскім лагеры, Зінаіда Антонаўка пайшла на аперацыю разам з Міхальковым. Кавалёў. Няхай кароткі быў начны спачын, але ў галаве ў Паходні была яснасць. Хадкевіч.
2. перан. Высок. Смерць, супакой. Піянеры вырашылі ўпрыгожыць месца спачыну адважнага партызана. Шыловіч.
спачы́нак, ‑нку, м.
Тое, што і спачын (у 1 знач.). Цяпер крыху спачынку трэба, Каб зноўку шлях працягваць свой. Лужанін.
спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.
1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.
2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.
•••
Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.
спая́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан спаянага (у 2 знач.).
спая́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спаяць.
2. перан.; у знач. прым. Моцна з’яднаны дружбай, адзінствам інтарэсаў і пад.; дружны. Спаяны калектыў.