спачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.
1. Адносіцца са спачуваннем, жалем да чыйго‑н. гора, няшчасця; выказваць спачуванне. Ганна Сяргееўна спачувала.. [бацьку] і падзяляла яго бацьк[а]ўскае гора. Няхай. Марынка адчувала, як глыбока перажывае гора малодшы брат, як ён любіць яе і спачувае ёй. Хадкевіч.
2. Адносіцца са спагадай да каго‑, чаго‑н.; спагадаць каму‑н. Гаманёк усяляк спачуваў моладзі, і Пранас Парэчкус быў ненавісны яму. Броўка. Тут мог даць рады толькі сапраўдны сябра, які б табе верыў, спачуваў, спагадаў. Сабаленка.
3. Добразычліва ставіцца да каго‑, чаго‑н.; ухваляць што‑н. Маці не спачувала імкненням бацькі і жыла адной гаспадаркай. Карпюк. Судакоў усміхнуўся і тым самым адказаў: абсалютна згодзен, спачуваю вам. Радкевіч. // Падтрымліваць якую‑н. дзейнасць, быць ідэйна блізкім да яе. Група «Папросту» спачувала рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбе нацменшасцей панскай Польшчы. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)