Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць згоднага. Між .. [Ганнай і Васілём] жыла незвычайная лагода і добрая згоднасць. Мележ.

зго́днік, ‑а, м.

Той, хто праводзіць згодніцкую палітыку з класавым ворагам. Згоднікі-лібералы.

зго́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да згодніка, згодніцтва. Згодніцкая палітыка меншавікоў. Згодніцкая тактыка.

зго́дніцтва, ‑а, н.

Змова з класавым ворагам, прымірэнчыя адносіны да варожага лагера.

зго́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.

1. Які выражае, дае згоду (у 1 знач.) на што‑н. — А яны ўсе згодны? — перабіў Рыгора Мілоўскі. — Вядома, што згодны, а то чаго б яны пайшлі сюды? Галавач.

2. з кім-чым. Які прытрымліваецца з кім‑н. адной думкі, адных поглядаў; салідарны з кім‑, чым‑н. Праўда, з дзеверам дружаць — У іх доля адна, Згодзен ён быць за мужа. Ды не згодна яна. Непачаловіч. І хоць абодва хлапчукі былі ў душы згодны з Зінай, але ім не хацелася, каб гэтае дзеўчанё думала, што яны слухаюцца яе. Скрыпка.

3. Які супадае з чым‑н.; падобны, аднолькавы. Сведкі далі згодныя паказанні.

4. Дружны; аднадушны. Так абое яны [Іван і Джулія], зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу. Быкаў. Не выстаяць бомбе ў змаганні з сям’ёю братэрскай, згоднай. Куляшоў.

5. Узгоднены, зладжаны. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя. Колас.

6. Стройны, гарманічны (пра музыку, спевы). — І крыжы на дол прыпалі І схінуўся верх лясоў І граць дзеду памагалі Хорам згодных галасоў. Колас.

зго́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і згайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да гойсаць, гайсаць.

зго́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да згольваць.

зго́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згаліць.

згон, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць ​1 — сагнаць.

2. Абл. Плыт. Бервяно к бервяну — І гатовы наш згон, А лес — стрыжань адзін, А сасна — нібы звон. Астрэйка. Дбайна ўзрошчаныя кнёны, Сосны, звонкія, як сталь, Туга звязаныя ў згоны, Без канца плывуць у даль. Глебка.

3. Гіст. Збор усіх сялян без выключэння для адработкі феадальнай павіннасці. Апрача непасільнага прыгону, сяляне выконвалі шмат дадатковых работ, як згоны, варту і інш. Лушчыцкі.

•••

На згоне чаго — на сыходзе чаго‑н. Пачалі будаваць .. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай канчаць на лета. Пташнікаў.

зго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць ​1 — сагнаць.