згнаі́ць, згнаю, згноіш, згноіць; зак., каго-што.
Дапусціць да гніення, зрабіць непрыгодным для ўжывання. — Не на пана працуем, — сказаў Кірыла, — усё гэта наша, калгаснае... Сабе ж горш, зробім, калі згноім жыта. Гурскі. // перан. Загубіць (у турме, ссылцы і пад.) цяжкімі ўмовамі жыцця. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.
згніва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згнісці, згніць.
згні́лы, ‑ая, ‑ае.
Які згніў. Згнілае дрэва.
згні́сці і згніць, згнію, згніеш, згніе; згніём, згніяце.
1. Стаць гнілым, распасціся ў працэсе гніення. Сена згніло пад дажджом. □ Хата зусім згніла і асела. Чорны. // перан. Заняпасці, аджыць. Свет стары да астатку згніў. Дудар.
2. перан. Загінуць ад цяжкіх умоў жыцця. Згніць у турме.
згно́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад згнаіць.
згно́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да згнойваць.
згно́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згнаіць.
згнюсі́ць, згнюшу, згнюсіш, згнюсіць; зак., што.
Абл. Зглуміць, запэцкаць. Яшчэ і сама Тодарыха, замест таго каб паспачуваць Ганьцы ці памазаць ёй новую скібку, пасарамаціла яшчэ яе: — От бязрукая! Гэтакую скібку гэтак згнюсіць. Васілевіч.
зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.
2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.
3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.
4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.
5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.
•••
У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.