згламэ́здаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. неадабр. Зрабіць, прыгатаваць што‑н. няўмела, абы-як. Зімою [дзед Агей] яшчэ сталяркаю трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла, а часамі і куфэрак які згламэздае. Крапіва.
згле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Разм. Угледзець, убачыць. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. Колас. // Упільнаваць каго‑н., дагледзець за кім‑н. Дзяцей многа, за ўсімі не згледзіш. // Заўважыць што‑н. [Андрыян Цітавіч] і не згледзеў, як мінула яшчэ пяць год. Марціновіч. Яшчэ лепш раскласці агеньчык дзе-небудзь у зацішку, засыпаць у прысак бульбу — і не згледзіш, як дзень пройдзе. С. Александровіч.
•••
Вокам не згледзець — а) цяжка ўбачыць, не разабраць; б) хутка, імгненна.
Як вокам згледзець — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).
зглумі́цца, зглуміцца; зак.
Разм. Папсавацца, страціцца без карысці. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні, такі быў доўгі. І зерне ў ім было буйное, жоўтае. Колькі ж хлеба зглуміцца тут, калі не сажнеш жыта! Асіпенка. Зразумела, не кажу Пра сваё тут гора, Што мука мая ў дзяжы Зглуміцца, вядома... Бялевіч.
зглумі́ць, зглумлю, зглуміш, зглуміць; зак., што.
Разм.
1. Страціць без карысці; папсаваць, перавесці. Зглуміць дабро. □ Колькі за вайну зглумілі сталі! Ты прыкінь, таварыш, як і я: Тысячу мастоў пабудавалі б Праз любы вялікі акіян. Панчанка. Есці яму ўжо не хочацца, але і пакідаць чуць не палавіну мазанага бліна нядобра, будуць сварыцца, што зглуміў. Крапіва.
зглу́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зглуміць.
зглу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Заціхнуць, заглухнуць. Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б’е з воч; Гулі зглухлі: ні жартаў ні смеху... Купала.
зглына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зглынуць.
зглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Разм. Праглынуць што‑н. Зглынуць лякарства.
згнаі́ць, згнаю, згноіш, згноіць; зак., каго-што.
Дапусціць да гніення, зрабіць непрыгодным для ўжывання. — Не на пана працуем, — сказаў Кірыла, — усё гэта наша, калгаснае... Сабе ж горш, зробім, калі згноім жыта. Гурскі. // перан. Загубіць (у турме, ссылцы і пад.) цяжкімі ўмовамі жыцця. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.
згніва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згнісці, згніць.