Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Зварыць, прыгатаваць (пра ежу). [Бабка Наста] шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Колас. Кухары хацелі згатаваць суп, а атрымалася каша. Але ўсё роўна елі са смакам. Жычка. // Закіпяціць (пра ваду). — Кінь, галубок. Мы табе лугавых смолак назбіраем, чаборыку. Вось бабка Вікця нам к вечару на тым чаборыку чаю згатуе. Даніленка.

згвалтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.

Тое, што і згвалціць.

згва́лціць, ‑лчу, ‑лціш, ‑лціць; зак., каго.

1. Сілаю прымусіць жанчыну да палавога акта. — Я на вас падам у суд, — спакойна адказаў стараста: — Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць. Колас.

2. Разм. Прымусіць каго‑н. зрабіць што‑н. супраць яго волі, жадання.

згіб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. згібаць — сагнуць (у 1, 2 знач.).

2. Дугападобны паварот; звіліна, крывізна. Вера з акна мансарды бачыла толькі круты згіб ракі і зялёную роўнядзь лучкі. Асіпенка. / Пра лініі цела, рысы твару. Згіб хрыбетніка. Згіб шыі.

3. Месца, па якім што‑н. сагнута або згібаецца. Лакцявы згіб. □ На пацёртым згібе дакумента цьмяна вырысоўвалася машынапісная дзевятка, падобная на васьмёрку. Быкаў.

згіба́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. згібаць — сагнуць.

згіба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сагнуцца.

2. Зал. да згібаць.

згіба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сагнуць.

згібе́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. згібець.

згібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

Зак. да гібець.

згіна́льнік, ‑а, м.

Мышца, якая згінае суставы. Згінальнік кісці. Згінальнік пальца.