эпікурэ́йскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да эпікурэйца, эпікурэізму, эпікурэйства; уласцівы ім. Паслядоўнік эпікурэйскай філасофіі. Эпікурэйская школа.
•••
Эпікурэйская паэзія — лірыка, якая праслаўляе каханне і радасці жыцця.
эпікурэ́йства, ‑а, н.
Тое, што і эпікурэізм (у 2, 3 знач.).
эпіле́псія, ‑і, ж.
Хранічная нервовая хвароба, якая характарызуецца сутаргавымі прыступамі і стратай прытомнасці; падучая хвароба. [Блізнюк:] — Я ведаю чалавека, які лечыць эпілепсію, падучую хваробу. Дамашэвіч.
[Грэч. epilēpsía.]
эпіле́птык, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які хварэе на эпілепсію.
эпілепты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да эпілептык.
эпілепты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эпілепсіі, эпілептыка; выкліканы эпілепсіяй. Эпілептычны прыпадак.
эпіло́г, ‑а, м.
Заключная частка літаратурнага твора, якая змяшчае кароткія звесткі пра далейшы лёс яго герояў. Надумана выглядаў эпілог рамана — сустрэча Тацяны з бацькам Віці Барысам Каганскім пасля вайны. Дзюбайла. // Заключная сцэна ў оперы. Урачысты эпілог оперы «Іван Сусанін». // перан. Канец, развязка чаго‑н. Эпілог паўстання. □ Іх [воінаў] нездарма хавалі ля дарог: Вандроўнікі тут слухаць будуць вечна Кароткага жыцця бясконцы эпілог. Жычка.
[Грэч. epílogos — пасляслоўе.]
эпіля́цыя, ‑і, ж.
Спец. Штучнае выдаленне валасоў з лячэбнай мэтай шляхам выскубвання або рэнтгенаўскім апраменьваннем пэўнага ўчастка валасянога покрыва.
[Фр. ēpilation ад épiler — выдаляць валасы.]
эпіско́п, ‑а, м.
Аптычны прыбор для атрымання на экране відарысаў непразрыстых аб’ектаў (карцін, малюнкаў, чарцяжоў і пад.).
[Ад грэч. épi — на, над, пры і skopeō — гляджу.]
эпі́стала, ‑ы, ж.
1. Літаратурны жанр 18 — пачатку 19 стст. — пасланне ў форме пісьма.
2. Уст., цяпер жарт. Пісьмо. У эпістале за 1913 год Максім Багдановіч .. прыгадваў пушкінскія брамы. Клышка.
[Ад грэч. epistole — пісьмо.]