цюркало́гія, ‑і, ж.
Сукупнасць навук, якія вывучаюць цюркскія мовы і культуры.
цю́ркі, ‑аў; адз. цюрк, ‑а, м.; цюрчанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. цюрчанкі, ‑нак; ж.
Вялікая група роднасных па мове народаў, да якіх адносяцца татары, азербайджанцы, узбекі, казахі, кіргізы, башкіры, туркмены, якуты, туркі і інш.
цюркі́зм, ‑а, м.
Слова або моўны зварот, запазычаны з адной з цюркскіх моў.
цюрко́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст па цюркалогіі. У сучасны момант надзейныя вынікі па вывучэнню цюркізмаў у славянскіх мовах могуць быць атрыманы толькі калектыўнымі намаганнямі славістаў і цюрколагаў. Жураўскі.
цю́ркскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цюркаў, які належыць, уласцівы ім. Цюркскія мовы. Цюркскія народы.
цюфя́к, ‑а, м.
Спец. Гнуткае пакрыццё каля мастоў, плацін для засцярогі рэчышча ракі і берагоў ад размыву.
цюхця́й, ‑я, м.
Разм. неадабр. Непаваротлівы, няспрытны, абыякавы да ўсяго чалавек; няўклюда. [Дуня:] Ды хіба з такой галавой і ў тваіх гадах можна супакоіцца на тым, што ёсць? Эх ты цюхцяй! Губарэвіч. Колькі думалася [Галіне] пра тое, што там за вясковыя хлопцы. Дзікія і дзікаватыя. Цюхцяі... Ажно на табе. Самаму першаму палец у рот не кладзі. Пташнікаў.
цю́целька, ‑і, ж.
У выразе: цюцелька ў цюцельку — зусім дакладна, кропля ў кроплю. Судны ходзяць праз дзень і на прыстань прыбываюць якраз к пачатку Люсьчынай работы. «Чаркес» яе дастаўляе цюцелька ў цюцельку. Ракітны. [Грышка:] — А цяпер скажы мне яшчэ, адкуль ты [Кастусь] так пра маю жытку ведаеш?.. У хаце маёй, здаецца, не быў, а ўсё цюцелька ў цюцельку праўда... С. Александровіч.