цвісці́, цвіту, цвіцеш, цвіце; цвіцём, цвіцяце; незак.
1. Раскрывацца, распускацца (пра кветкі). Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі. Чорны. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей. // Мець кветкі; быць пакрытым кветкамі. На полі першая раса. І сталі яблыні цвісці... Броўка. Сад цвіў густа і дружна. Дуброўскі. Касі луг, як цвіце. З нар. / у перан. ужыв. Паглядзі, як наўкол прыгожа, Калі неба цвіце на ўсходзе. Гілевіч. На Санькавым твары цвіце вясёлая ўсмешка. Якімовіч. Густою чырванню цвілі На мне мае бінты. Пысін.
2. перан. Знаходзіцца ў стане фізічнага росквіту; быць здаровым, прыгожым. «Цвіце кабета, хоць і турбот у яе багата», — мімаволі падумаў Ваўчок. Хадкевіч. // Быць радасным, ажыўленым. Пералічваючы ў лагеры захопленыя трафеі, партызаны цвілі ад радасці. Бураўкін. Аляксей заўсёды цвіце ўсмешкай, яго можна назваць сімпатычным. Навуменка.
3. перан. Паспяхова развівацца, квітнець. Нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё. Лупсякоў. Наша мова, якая вякамі пагарджалася, нарэшце цвіце і красуе разам з народам. Дамашэвіч.
4. Пакрывацца цвіллю. Спрадвеку цвіла вада ў гэтых сажалках. «Звязда». Уставайце, хлеб даядайце, а то вы спіцё, а хлеб цвіце. З нар.
цвіту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе; ж.
Спец. З’яўленне кветкавых сцёблаў на першым годзе жыцця ў двухгадовых раслін.
цвіце́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. цвісці (у 1 знач.).
2. Перыяд у жыцці раслін ад пачатку раскрыццё першых кветак да адцвітання апошніх. Фазы цвіцення.
цвічо́к, ‑чка, м.
Памянш. да цвік; невялікі цвік. Невядомы злачынец, відаць, адкалупаў кіт, падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ўсярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто.
цвы́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цвыркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Павольна плывуць над лугам белыя маленькія парасончыкі, з кароткім цвырканнем мільгаюць ластаўкі. Савіцкі.
цвы́ркаць, ‑ае; незак.
1. Утвараць рэзкія адрывістыя гукі (пра цвыркуноў, конікаў і некаторых птушак). На розныя галасы недзе ў лістоце цвыркаюць птушкі. Скрыган. У жыце цвыркалі конікі. Новікаў. // Утвараць падобныя гукі (пра інструменты). Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара. // Імгненна прапускаць сліну праз зубы. Чакаючы, сядзеў [Пятрок] увесь час на лавачцы, курыў крадком з рукава ды цвыркаў слінай цераз зубы. Паўлаў.
2. Ліцца струменьчыкамі. Пад гарачымі промнямі сонца снег хутка раставаў, і ў нас пад нагамі хлюпала і цвыркала тонкімі струменьчыкамі вада. Рунец.
цвырку́н, ‑а, м.
Насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат. У сенцах заходзіўся цвыркун, няйначай на добрую пагоду. Лынькоў.
цвэ́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ледзь жыць, ліпець (пра стан здароўя). Жонка памерла, і ён ледзь цвэгае. // Жыць у нястачы. Не згадзіліся браць балота-сенажаці. Каб менш было выкупу.. І гэтак цэлы век. Бо трэба было ўсё ж такі жыць. І жылі. Цвэгалі-жылі без свайго сена. Баранавых.
цвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Разм. Тое, што і чвякаць (у 2 знач.). Памякчэла надвор’е, растаў снег, цвякала гразь. Гурскі.
2. Ляскаць жалезным прадметам. Цвякаць замком партфеля. □ А дзяўчына.., што была партнёршай у Ралана, цвякаючы канькамі па падлозе, затанцавала: — Згодны, згодны, згодны!.. Грамовіч.