умацава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для надання моцы, устойлівасці. Умацавальныя адкосы. Умацавальныя збудаванні.
умацава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. умацаваць і умацавацца.
2. Абарончае збудаванне; месца, дзе ўзведзены такія збудаванні. На світанні, пакінуўшы траншэі на ўзлеску, пяхота ўслед за танкамі рванулася цераз поле на варожыя ўмацаванні. «Звязда». Частка пасада, якая была побач з дзядзінцам, .. акружалася другой лініяй умацаванняў і называлася акольным горадам, або астрогам. Штыхаў.
умацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад умацаваць.
2. у знач. прым. Прызначаны для абароны, заняты абарончымі збудаваннямі. Умацаваны раён. Умацаваная паласа. Умацаваны лагер. □ Па цячэнню рэк мы бачым умацаваныя паселішчы. В. Вольскі.
умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.
2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.
3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».
4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.
умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».
2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.
3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.
4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.
5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.
умацо́ўванне, ‑я, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. умацоўваць — умацаваць.
умацо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да умацавацца.
2. Зал. да умацоўваць.
умацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умацаваць.