умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».
2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.
3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.
4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.
5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)