круглячо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да кругляк; невялікі кругляк.
круго́м, прысл. і прыназ.
1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.
2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.
3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.
4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.
•••
Абвесці кругом пальца гл. абвесці.
кружа́ла, ‑а, н.
У будаўніцтве — драўляная або металічная дуга, на якой кладуць скляпенне, арку і пад.
кружко́м, прысл.
Разм. Невялікім кругам, утвараючы невялікі круг. Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка.
кру́жна,
1. Прысл. да кружны. Не сунімаючы разбегу, Дзе кружна, дзе і напрасткі, Навобмацак бяруць з-пад снегу Разгон вясновы ручайкі. Гаўрусёў.
2. безас. у знач. вык. Далёка, далей, чым па прамой. Краузе надумаў не хадзіць па вуліцы ў камендатуру, бо гэта было крыху кружна, а загадаў прарэзаць дзверы ў агарожы і праз двор выходзіў у каменданцкі будынак. Кавалёў.
кружны́, ‑ая, ‑ое.
Абходны, акольны, больш далёкі (пра шлях, дарогу і пад.). Кружная дарога. □ [Марцаліс] не пайшоў напрасткі, а выбраў кружны шлях — больш доўгі і больш пэўны. Шыцік.
кружо́к, ‑жка, м.
1. Памянш. да круг (у 1, 2 і 3 знач.). Сесці ў кружок. Нарысаваць кружок.
2. Круглая драўляная падстаўка пад скавараду. На драўляны прамаслены кружок паставіла [маці] патэльню з яечняй. Шамякін.
кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.
1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.
2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.
3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.
4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.
•••
Галава кружыцца гл. галава.
кружы́ць, кружу, кружыш, кружыць; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у кругавы рух, застаўляць рухацца па кругу; круціць, вярцець. [Кавалеры] хвацка кружылі сваіх дам. Колас. Кружыць лісце вецер, Рве салому з хаты. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і кружыцца (у 2 знач.). Высока ў паднябессі, сумна і адзінока, кружыць коршак — няўжо адтуль выглядае сабе здабычу? Сачанка.
3. Ісці, зварочваючы ў бакі, часта мяняючы напрамак руху; блукаць. Пятнаццаць дзён мы кружылі бясконцымі дарогамі па пярэстых і залатых лясах, па карчэўю балот, па зжатых і сумных палях, дзе на іржэўніку завівалася павуціна і пражэрліва крычала вараннё. Каваль. Лявонка пабег на голас. Доўга кружыў па сцяжынках, прабіраўся праз густы бярэзнік. Шуцько.
4. Узнімаць снег, пыл, месці (пра мяцеліцу, завіруху і пад.). На двары кружыла мяцеліца. Галавач.
•••
Кружыць галаву — а) выклікаць галавакружэнне. Кружылі мядовым водарам галаву ліпы. Васілевіч; б) перан. пазбаўляць магчымасці разважаць, аб’ектыўна адносіцца да навакольнага. Поспех кружыць галаву.