кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.
1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.
2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.
3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.
4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.
•••
Галава кружыцца гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)