Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кракта́нне і крахта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крактаць, крахтаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

крактану́ць і крахтану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да крактаць, крахтаць.

кракта́ць, кракчу, крэкчаш, крэкча і крахта́ць, крахчу, крэхчаш, крэхча; незак.

1. Выдаваць ціхія, адрывістыя гукі (пры хваробе, няёмкім становішчы, намаганнях і пад.). Ды і не чуваць было, каб .. [Скуратовіч] скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца. Чорны. Па тым, як .. [Шаевіч] соп, крактаў ззаду, я адчуваў, што ісці яму нялёгка. Сабаленка. // Трашчаць, скрыпець пад напорам, цяжарам чаго‑н. [Калёсы] крэкчуць ад цяжару паваленага гною ці дроў. Колас. [Алесь] ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Броўка.

2. Абзывацца гукам, падобным да «крэ-крэ» (пра жаб). Па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. Колас.

кракту́н і крахту́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто крэкча.

кракту́ха і крахту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Жан. да крактун, крахтун.

кралі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які плавае кролем.

кралі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да краліст.

кра́ля, ‑і, ж.

Разм. Красуня, прыгажуня. «Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры», — падумаў Лабановіч. Колас.

кра́ма, ‑ы, ж.

Магазін, лаўка ​2. Арлоўскі меў краму, прадаваў гарэлку, быў сядзельцам. Чарнышэвіч. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч.

краманьёнец,

гл. краманьёнцы.