кракта́ць, кракчу, крэкчаш, крэкча і крахта́ць, крахчу, крэхчаш, крэхча; незак.
1. Выдаваць ціхія, адрывістыя гукі (пры хваробе, няёмкім становішчы, намаганнях і пад.). Ды і не чуваць было, каб .. [Скуратовіч] скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца. Чорны. Па тым, як .. [Шаевіч] соп, крактаў ззаду, я адчуваў, што ісці яму нялёгка. Сабаленка. // Трашчаць, скрыпець пад напорам, цяжарам чаго‑н. [Калёсы] крэкчуць ад цяжару паваленага гною ці дроў. Колас. [Алесь] ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Броўка.
2. Абзывацца гукам, падобным да «крэ-крэ» (пра жаб). Па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)