заахво́чванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заахвочваць.
2. Тое, што заахвочвае каго‑н. да чаго‑н.; пахвала, узнагарода. Гэтымі днямі камандзір аб’явіў [Алегу Сіроціну] падзяку. Гэта дваццаць чацвёртае заахвочванне стараннага воіна. «Звязда».
заахво́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заахвоціцца.
2. Зал. да заахвочваць.
заахво́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заахвоціць.
заа́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць ахкаць.
забабо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які верыць у забабоны, схільны да забабонаў (пра чалавека). Забабонныя людзі лічаць, што падкова прыносіць шчасце.
2. Заснаваны на забабонах, прасякнуты забабонамі. Хоць расказы Яўхіма аб камені з крыжам былі заўсёды прасякнуты забабоннаю вераю і страхам, аднак і ў іх прасвечвай зярняткі праўды. Пестрак.
забабо́ны, ‑аў; адз. няма.
Вера ў тое, што некаторыя з’явы і падзеі маюць таямнічы сэнс і з’яўляюцца прадказаннем будучага; прымхі. Рэлігійныя забабоны. □ Сабраўся ў старэчай памяці нязмерны запас дзівосных успамінаў, у якіх траплялася здаровая жыццёвая мудрасць з густой сеткай спрадвечных забабонаў. Зарэцкі. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты[я] дурныя забабоны. Бядуля.
заба́ва, ‑ы; Р мн. ‑баў; ж.
1. Гульня, пацеха. Гіо аднойчы выкаціў на двор.. колца і.. пачаў ганяць яго кіёчкам па двары. Іліко панура пазіраў на забаву паніча. Самуйлёнак. Не адрозніць, дзетвара, вас Ад тых кветак на паляне, Дзе вы будзеце ў забавах Разам лётаць з матылямі. Васілёк.
2. Тое, што забаўляе, пацяшае, весяліць. Гадзіннік служыў цікавай забавай для дзяцей Крушынскага. Бядуля. [Малыя] ідуць на месца, дзе іх чакаюць забавы — гушкалкі, .. цудоўная дашчакая горка, абабітая бляхай. Ракітны.
заба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Затрымацца дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася; запазніцца. — Мо цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай чаго б яна забавілася. Мележ. [Удзельнікі нарады] сабраліся хутка, толькі недзе забавіўся дырэктар. Дуброўскі.
2. Зацягнуць, прамарудзіць з чым‑н., не зрабіць чаго‑н. у час. — Калі там, у Беларусі, усе гэтакія малайцы, дык яны, нябось, не забавяцца з будаўніцтвам свайго трактарнага. Кулакоўскі.
3. Зак. да забаўляцца (у 1 знач.).
заба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць.
Зак. да забаўляць.