Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гіпно́з, ‑у, м.

1. Асаблівы стан частковага, няпоўнага сну ў чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл, які ўзнікае пад уплывам знешніх раздражняльнікаў або ўнушэння. Быць у стане гіпнозу.

2. Усыпленне шляхам унушэння; гіпнатызаванне. Гіпноз хворага. // перан. Сіла ўплыву, уздзеяння, уласцівая каму‑, чаму‑н. Казкі паводзілі такі страх, што і ў слухачоў і ў апавядальніка варушыліся на галаве валасы. Гэта было падобна на гіпноз. Гіпнатызавалі адзін аднаго словамі, рухамі, страхам, напружанасцю пачуццяў. Чарнышэвіч.

[Ад грэч. hýpnos — сон.]

гіпно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па гіпнозу (у 2 знач.); урач, які лечыць гіпнозам.

гіпо́тэза, ‑ы, ж.

Прапанаванае для тлумачэння якіх‑н. з’яў навуковае меркаванне, ісціннасць якога яшчэ не даказана доследным шляхам. Гіпотэза аб касмічных гасцях Зямлі хвалявала калісь многіх вучоных і даследчыкаў, выклікала гарачую дыскусію. А потым паступова на яе забыліся. Шыцік. // Усякае меркаванне, дапушчэнне, здагадка.

[Ад грэч. hypóthesis — меркаванне.]

гіпс, ‑у, м.

1. Мінерал белага або жоўтага колеру (абпалены і раздробнены прымяняецца ў будаўніцтве, лепцы і медыцыне). Здабыча гіпсу. Пласт гіпсу.

2. Скульптурны злепак з такога мінералу. Ля ўваходу .. застылі ўвекавечаныя ў гіпсе слаўныя сыны беларускага народа. «Маладосць».

3. Цвёрдая хірургічная павязка з такога мінералу, якую накладваюць пры пераломах, вывіхах для прыдання нерухомасці пашкоджанай частцы цела. Налажыць гіпс на пашкоджаную нагу.

[Грэч. gýpsos — мел, гліна.]

гіпсава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гіпсаваць.

гіпсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

1. Накладваць гіпсавую павязку. Гіпсаваць паламаны палец.

2. Уносіць у глебу гіпс для паляпшэння яе фізіка-хімічных і біялагічных уласцівасцей. Гіпсаваць глебу.

3. Дабаўляць гіпс у вінаграднае віно для паляпшэння яго колеру, смаку і засцярогі ад псавання. Гіпсаваць віно.

гі́псавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гіпсу, складаецца з гіпсу (у 1 знач.). Гіпсавы пласт. Гіпсавы камень. // Зроблены з гіпсу. Гіпсавы бюст. Гіпсавая павязка.

гіпсаметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гіпсаметрыі, гіпсометра. Гіпсаметрычнае даследаванне. Гіпсаметрычная карта.

гіпсаметры́я, ‑і, ж.

Раздзел геадэзіі, які займаецца вызначэннем вышыні мясцовасці і абазначэннем яе на карце, плане.

[Ад грэч. hypsos — вышыня і metreō — вымяраю.]

гіпсатэрмо́метр, ‑а, м.

Прыбор для вызначэння атмасфернага ціску па тэмпературы кіпення вады.