грымірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Грыміраваць сябе. Тэрміновае пасяджэнне бюро камсамольскай арганізацыі было склікана за сцэнай у невялічкім пакойчыку, дзе звычайна грыміраваліся перад спектаклем верабевіцкія артысты. Грамовіч. // перан.; пад каго. Прымаць выгляд каго‑н. Грыміравацца пад старога.
2. Зал. да грыміраваць.
грымірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Накладваць грым з мэтай надання акцёру патрэбнага для яго ролі выгляду. Аднойчы пані Ванда грыміравала яго перад спектаклем, падводзіла бровы, далонь з алоўкам трымаючы перад хлопцавым тварам. Брыль. // пад каго або кім-чым. Надаваць каму‑н. з дапамогай грыму выгляд, аблічча каго‑н. Грыміраваць пад рыбака. Грыміраваць артыста клоўнам.
грыміро́вачны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для грыміравання. Грыміровачныя фарбы.
2. у знач. наз. грыміро́вачная, ‑ай, ж. Пакой для грыміравання.
грыміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грыміраваць і грыміравацца.
грымлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З громам, грымотамі; грымотны. Мінула грымлівае гарачае лета. Самуйлёнак. // Які стварае моцны шум, грукат; грымучы. Грымлівы вадаспад.
гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.
2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.
гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да грымець.
2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.
3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.
4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.
грымо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стварае гром, грымоты; з грымотамі. Грымотны молат. □ Над пажатым полем і яшчэ непрыбраным лугам пацягнуліся грымотныя хмары. Колас.
2. Моцны, аглушальны. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам. Якімовіч. І спалохаўся вораг, І ўцёк, Не крануўшы дзяцей, І забыў пра намеры, Грымотнае ўчуўшы Ура. Куляшоў.