Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спа́сці, спаду, спадзеш, спадзе; спадзём, спадзяце, спадуць; пр. спаў, спала; зак.

1. Упасці ўніз, адарваўшыся, аддзяліўшыся ад чаго‑н. І лес, што мроіў па-над рэчкай, Якоча, крышыцца, гудзе, То тут, то там вяршок спадзе. Колас. Нораў сваіх штаноў .. [Грышка] добра ведае: калі моцна бяжыш і не трымаеш іх — абавязкова спадуць. Якімовіч. // Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). З каштана спалі ўсе лісты.

2. Панізіцца ва ўзроўні, пайсці на спад (пра ваду, вадаём). Вада ў .. [сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр. Паводка на Данцы спала. Няхай. // Меншаючы, прапасці, знікнуць (пра пухліну, ацёк і пад.). Спала пухліна на нагах, сцішыўся пакутлівы боль у кісцях і пальцах рук. Гарбук. // Высахнуўшы, знікнуць (пра расу). [Ракіцкі:] — Не, спачатку пойдзем паснедаем. Я ўжо, пакуль спала раса, добра намахаўся касой. Прокша.

3. Зменшыцца ў сіле праяўлення; аслабець. Гарачыня спала толькі пад вечар. Пташнікаў. І якой жа была .. радасць [доктара], калі назаўтра раніцай тэмпература спала. Якімовіч. За мастком тэмп работы спаў — тут быў цяжкі грунт, спрэс з каменнем. Мікуліч. // перан. Прайсці, знікнуць (пра пачуццё, стан і пад.). Да .. [жонкі] .. [Ходас] прыйшоў, счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне яе злосць. Адамчык. [Свідэрскі:] — Не ганарыся, твой гонар спадзе. Глебка.

•••

Гара з плячэй спала — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Карона з галавы не спадзе гл. карона.

Спала заслона гл. заслона.

Спасці з цела (твару) — схуднець.

Цяжар з душы спадзе гл. цяжар.

спасціга́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да спасцігаць.

спасціга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спасцігнуць.

спасці́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спасцігнуць.

спасці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спасціг, ‑ла; зак., каго-што.

Разм.

1. Зразумець, усвядоміць сэнс, значэнне чаго‑н.; пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Нічыпар] адчуваў, што ў Лявонавых словах ёсць нешта хітрае, але спасцігнуць яго не мог. Чарнышэвіч. Чытаючы вершы маладых паэтаў, мне ў першую чаргу хочацца спасцігнуць духоўны свет новага пакалення. Грахоўскі. Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці. Караткевіч.

2. Выпасці на долю каго‑н.; надарыцца з кім‑н. Што ж, бяда пакуль мінула .. [Рыбака], спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Быкаў. [Жанчына:] — А ці ведае хто-небудзь... ці ведаеце вы, які лёс спасціг... дзяўчат... Кірэенка.

3. Дагнаць. Ды .. [паляўнічыя] і не ведалі добра, у якім месцы спасціг здабычу Музбалак. Беразняк.

спасыла́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спасылацца — спаслацца.

спасыла́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спаслацца.

спасы́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца спасылкай. Спасылачная заўвага. Спасылачная картка.

спасы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спасылацца — спаслацца. Калі ж Вабейка напісаў, што дом пабудаваны .. і што, каб не спасылка на яго, Ціхана, будавацца не дазволілі б, Ціхан адказаў надзвычай рэзка. Хадкевіч. Кавалёва слухала жанчын і была рада, што не пачула, каб хоць адна не паверыла ў свае сілы. Была толькі адна спасылка — на сям’ю. Дуброўскі.

2. Цытата, вытрымка адкуль‑н. або ўказанне крыніцы, на якую спасылаюцца ў асноўным тэксце. Бывае, што ў спасылках на крыніцы сустрэнеш набранае петытам імя першаадкрывальніка, першапраходц[а]. Юрэвіч. Прасіў [Кухарчык] толькі адно, каб спасылкі на крыніцы, з якіх бралася тое ці іншае палажэнне, Мая пісала на мове арыгінала. Сабаленка.

спатайка́, прысл.

Разм. Тое, што і спотайку. Сям-там з хат пачалі выходзіць на вуліцу жанкі, спатайка глянуць, што за лямант. Пальчэўскі. Спатайка праціснуўся [Карпусь] каля печы да парога. Баранавых.