спа́сці, спаду, спадзеш, спадзе; спадзём, спадзяце, спадуць; пр. спаў, спала; зак.
1. Упасці ўніз, адарваўшыся, аддзяліўшыся ад чаго‑н. І лес, што мроіў па-над рэчкай, Якоча, крышыцца, гудзе, То тут, то там вяршок спадзе. Колас. Нораў сваіх штаноў .. [Грышка] добра ведае: калі моцна бяжыш і не трымаеш іх — абавязкова спадуць. Якімовіч. // Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). З каштана спалі ўсе лісты.
2. Панізіцца ва ўзроўні, пайсці на спад (пра ваду, вадаём). Вада ў .. [сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр. Паводка на Данцы спала. Няхай. // Меншаючы, прапасці, знікнуць (пра пухліну, ацёк і пад.). Спала пухліна на нагах, сцішыўся пакутлівы боль у кісцях і пальцах рук. Гарбук. // Высахнуўшы, знікнуць (пра расу). [Ракіцкі:] — Не, спачатку пойдзем паснедаем. Я ўжо, пакуль спала раса, добра намахаўся касой. Прокша.
3. Зменшыцца ў сіле праяўлення; аслабець. Гарачыня спала толькі пад вечар. Пташнікаў. І якой жа была .. радасць [доктара], калі назаўтра раніцай тэмпература спала. Якімовіч. За мастком тэмп работы спаў — тут быў цяжкі грунт, спрэс з каменнем. Мікуліч. // перан. Прайсці, знікнуць (пра пачуццё, стан і пад.). Да .. [жонкі] .. [Ходас] прыйшоў, счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне яе злосць. Адамчык. [Свідэрскі:] — Не ганарыся, твой гонар спадзе. Глебка.
•••
Гара з плячэй спала — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).
Карона з галавы не спадзе гл. карона.
Спала заслона гл. заслона.
Спасці з цела (твару) — схуднець.
Цяжар з душы спадзе гл. цяжар.