зга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да згадаць.
згаджа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для вырашэння рознагалоссяў і супярэчнасцей. Згаджальная камісія.
згаджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да згадзі́цца 1.
зга́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца.
Зак. да га́дзіцца.
згадзі́цца 1, згаджу́ся, зго́дзішся, зго́дзіцца; зак.
1. Даць згоду на што‑н. — Такога мужа за тры грошы можна купіць. Мусібыць на свеце адна пані Даміцэля і згадзілася пайсці за яго замуж. Колас.
2. Прыйсці да згоды (у 2 знач.); пагадзіцца з чым‑н. — Відаць, з Мацеем нешта здарылася, — згадзіліся ўсе на адным меркаванні. Шамякін.
3. Выказаць згоду з кім‑, чым‑н., прызнаць правільным, пацвердзіць што‑н. — Патрабаваць трэба падвышэння, — абазваўся той. — Праўду кажаш, — згадзіўся Пніцкі. Чорны. Думка была слушная, і Віктар павінен быў з ёю згадзіцца. Маўр.
згадзі́цца 2, ‑дзі́цца; зак.
Аказацца карысным, прыгодным для чаго‑н.; спатрэбіцца. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў. За горадам, у баку ад княжага замка, ужо з самага набліжэння фронту не працавала панская пільня. Цяпер яна згадзілася на выраб лесу на патрэбы войска. Чорны.
зга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Зак. да гадзіць.
згадзі́ць, згаджу́, зго́дзіш, зго́дзіць; зак., каго-што.
Абл. Наняць каго‑н. для выканання якой‑н. работы. Мяне згадзілі пасвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі. Гартны. Пан табе не спагадае, Сваю работу загадае: То пастуха згадзі, служанку. Колас.
зга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Успамін. У яе раскіданых думках найбольш было згадак пра брата. Мележ. Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прынясла... Багдановіч.
згайдану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Тое, што і гайдануцца.
згайдану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і гайдануць.