Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крымчакі́, ‑оў; адз. крымчак, ‑а, м.; крымчачка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. крымчачкі, ‑чак; ж.

Малалікая народнасць, якая пражывае галоўным чынам у гарадах Крымскай вобласці УССР.

крымча́не, ‑чан; адз. крымчанін, ‑а, м.; крымчанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. крымчанкі, ‑нак; ж.

Жыхары Крыма.

крымча́чка,

гл. крымчакі.

крыналі́н, ‑а, м.

Даўнейшая шырокая спадніца на тонкіх абручах, стальных або з кітовага вуса.

[Фр. crinoline.]

крыні́ца, ‑ы, ж.

1. Натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі. Вуглякіслыя крыніцы. Мінеральныя крыніцы. Серавадародныя крыніцы. // Вадаём, які ўтвараецца на месцы выхаду падземных натуральных вод. Набраць вады ў крыніцы. □ Коціцца, ўецца далінкай крыніца, Б’ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца. Купала.

2. перан.; чаго. Тое, з чаго бярэцца, чэрпаецца што‑н.; тое, што дае пачатак чаму‑н., служыць асновай для чаго‑н. Крыніца багацця. Крыніца радасцей. □ Народная, жывая мова, яе каларытная фразеалогія з’яўляюцца асноўнай крыніцай моўных сродкаў пісьменніка. Адамовіч. Прызнанне жыцця крыніцай мастацтва — асноўны прынцып рэалізму. У. Калеснік.

3. Спец. Пісьмовыя помнікі, дакументы, на аснове якіх пішуцца навуковыя даследаванні. Літаратурныя крыніцы.

•••

Біць крыніцай гл. біць.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане. Стыхія народнай творчасці з дзіцячых гадоў акружала Самуіла Плаўніка, а беларуская мова яму была вядома з жывых крыніц.

крыніцазна́ўства, ‑а, н.

Дапаможная дысцыпліна, якая распрацоўвае метады вывучэння і выкарыстання гістарычных крыніц.

крыніцазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крыніцазнаўства.

крыні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да крыніца (у 1 знач.); невялікая крыніца. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала. Колас.

крыні́чнік, ‑у, м.

Род адна‑, двух- і шматгадовых травяністых раслін, радзей кустоў, сямейства залознікавых.

крыні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крыніцы (у 1 знач.). Крынічная вада. Крынічны струмень.