спалу́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалучыць.
2. у знач. прым. Які ўзаемадзейнічае, узаемна звязаны з чым‑н. Спалучаныя рысоры.
спалуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спалучыцца.
2. Гарманіраваць, адпавядаць адно другому. Як прыгожа спалучаюцца колеры. «Работніца і сялянка». Гляджу, як ільны на прасторах сінеюць, Як неба блакіт спалучаецца з полем. Хведаровіч.
3. Уступаць у сувязь, уваходзіць у спалучэнне. З колькаснымі лічэбнікамі два, тры, чатыры і г. д. зборныя назоўнікі не спалучаюцца. Граматыка.
4. Мець сувязь, служыць працягам адно другога; злучацца. Крама Раманюка спалучалася з пакоямі цесцевага дома. Карпюк.
5. Зал. да спалучаць.
спалуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спалучыць.
спалучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
Аб’яднацца ва ўзаемнай адпаведнасці, гармоніі; злучыцца адначасова; сумясціцца. У творах Дастаеўскага спалучыліся з выключнай сілай праніклівы псіхалагізм, інтэлектуальная глыбіня мысліцеля і страснасць публіцыста. «ЛіМ». Аповесць «Першае каханне» [А. Марціновіча] цікавая перш за ўсё тым, што ў ёй своеасабліва спалучыліся ваенная тэма і сучаснае жыццё. «Полымя».
спалучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.
1. Аб’яднаць, злучыць адначасова адно з другім; сумясціць. Спалучыць тэорыю з практыкай. □ Разам наш народ пранёс ярмо пакуты, Разам спалучылі нас стагоддзі, Разам разрывалі кайданы і путы, Разам жыць адвечна ў прыязні і згодзе. Шушкевіч. Самцэвіч любіў усё прыгожае, і хараство прыроды хацеў спалучыць з хараством, створаным рукамі чалавека. Шахавец.
2. Сумясціць разам. Спалучыць колеры.
3. Наладзіць сувязь; злучыць. Волга з Донам спалучылі Свае хвалі на вякі. Астрэйка.
спалучэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спалучаць — спалучыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спалучацца — спалучыцца. Спалучэнне зычных. Сінтаксічнае спалучэнне. Спалучэнне колераў.
спа́льванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. спальваць — спаліць (у 1 знач.).
спа́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спаліцца.
2. Зал. да спальваць.
спа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спаліць.