Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спало́скванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спалоскваць — спаласнуць, спаласкаць.

спало́сквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спаласнуцца.

2. Зал. да спалоскваць.

спало́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаласнуць, спаласкаць.

спало́х, ‑у, м.

Раптоўнае адчуванне страху. Цёмна-сінія вочы дзяўчыны ад спалоху зрабіліся вялікія і яшчэ больш сінія. Грамовіч. // Перапалох, агульная нечаканая трывога, хваляванне. Жанчыны — ў голас, узнялі спалох, Пачуўшы, што склікае сваякоў Гарыдавец. Танк. Прыйшлося за.. [птушкамі] бегаць, ганяцца, падняўся шум, гвалт, ад гэтага яшчэ большы спалох. Маўр.

спало́ханы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.

2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.

спало́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Раптоўна адчуць страх, боязь. Міхась спалохаўся, адхапіў палец ад курка — аўтамат сціх. Якімовіч. Марыя спалохалася, ухапіла яго кволую руку. Кулакоўскі.

спало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выклікаць у каго‑н. пачуццё страху, прымусіць баяцца чаго‑н. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Колас. Не спалохала Мікіту і пагроза папа пазбавіць яго прычасця. Навуменка. // перан. Вымусіць знікнуць (пачуццё, настрой і пад.). Няцяжка спалохаць чалавечую радасць. Шахавец.

спало́ць, спалю, сполеш, споле; зак., што.

1. Знішчыць полівам (пра пустазелле).

2. Прапалоць пэўную плошчу.

спалуча́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спалучальнага.

2. Здольнасць, магчымасць спалучэння чаго‑н. з чым‑н. Высокай спалучальнасцю з якаснымі прыметнікамі характарызуецца.. прыслоўе вечна. «Весці».

спалуча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які дазваляе спалучаць што‑н., з’яўляецца вынікам спалучэння чаго‑н. Спалучальны закон. Спалучальны рэфлекс.