звеннявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да звяна (у 3 знач.). Звеннявы метад. Звеннявы сход.
2. у знач. наз. звеннявы́, ‑ога, м.; звеннява́я, ‑ой, ж. Кіраўнік (кіраўніца) звяна (у 3 знач.). Звеннявы ільнаводчага звяна. Звеннявы піянерскага звяна. □ Іншы раз інжынер падаваў думку, а брыгадзіры, звеннявыя і проста шахцёры разбівалі яе і ажыццяўлялі на практыцы. Кулакоўскі.
звер, ‑а; мн. звяры, ‑оў; м.
1. Дзікая, звычайна драпежная жывёла. Драпежны звер. □ — Мядзведзь! — прахрыпеў Тадэўчык і адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў звера. Бядуля. / у знач. зб. Сібір багата пушным зверам.
2. Пра вельмі злога, жорсткага чалавека. Ззялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча. Брыль.
•••
Глядзець (пазіраць) зверам гл. глядзець.
звера...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «звер», напрыклад: звераводства; б) слову «звераводчы», напрыклад: зверасаўгас, звераферма.
зверабо́й 1, ‑я, м.
Паляўнічы на марскога звера (маржа, цюленя і пад.). Не паспеў Рынтын дагаварыць, як адзін са зверабояў спрытна кінуў у шырачэзную цёмную спіну маржа гарпун. Бяганская.
зверабо́й 2, ‑ю, м.
1. Травяністая лекавая расліна; святаяннік. Кволы ветрык даносіў з расяністага лугу водар валяр’яны, перамешаны з гаркавасцю лазы і зверабою. Кандрусевіч.
2. Гарэлка, настоеная на гэтай расліне.
зверабо́йны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да палявання на марскога звера. Зверабойнае судна. Зверабойны промысел.
зверабо́йны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зверабою 2.
зверава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Падобны з выгляду на звера; грубы, страшны. [Мікодым] здаваўся.. не суровым і дужым, а звераватым і страшным. Марціновіч. У вёску завітаў бургамістр воласці Бадзягін. Сярэдніх год мужчына, звераваты на выгляд. Федасеенка. // Такі, як у звера; страшны, злосны. Звераватыя вочы. Звераваты выгляд.
2. Які цураецца людзей; замкнуты, нетаварыскі. — Не калектыўны ты чалавек. Звераваты. Чорны.
звераво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Спецыяліст у галіне звераводства; зверагадовец.
звераво́дчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да звераводства; зверагадоўчы. Звераводчы саўгас.