зваява́ць, зваюю, зваюеш, зваюе; зак., каго-што.
Разм. Перамагчы, асіліць у барацьбе. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш зваяваць. Колас. // перан. Асіліць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Ходзіць жыта, ходзіць жыта жоўтай хваляй, А мы жыта, а мы жыта зваявалі. Броўка. Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу. Купала.
зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.
2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.
зве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зведаць.
зве́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад звесці.
зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.
1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.
2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.
3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.
4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.
зве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да звеяць.
звекава́ць, звякую, звякуеш, звякуе.
Зак. да векаваць.
зве́ку, прысл.
З даўніх часоў, спрадвеку. — Ці нарадзіўся ў вашай вёсцы хоць адзін вялікі чалавек? — Ды не. У нас звеку нараджаюцца толькі маленькія дзеці. «Вожык». // Зроду, ад нараджэння. Ён звеку глухі.
звелікаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да велікадушнічаць.